×

Лога-квест для бацькоў “Пагавары са мной, мама…”

11.01.2020 11:54,

У цяперашні час ні ў каго не засталося сумненняў у тым, што сучасныя дзеці не такія, якімі былі іх аднагодкі некалькі дзесяцігоддзяў назад. Прычыны гэтага трэба шукаць у зменах у навакольным свеце, як прадметным, так і сацыяльным, у метадах выхавання ў сям’і, ва ўстаноўках бацькоў.

Па-першае, павышаная занятасць бацькоў на працы — гэта адна з асаблівасцей выхавання сучасных дзяцей. Па-другое, большасць бацькоў дрэнна ўяўляюць, чым можна і трэба займацца са сваімі дзецьмі, у якія гульні гуляюць іх дзеці, пра што яны думаюць, як успрымаюць навакольны свет. Пры гэтым бацькі лічаць, што сваіх дзяцей трэба як мага раней далучаць да дасягненняў тэхнічнага прагрэсу. Толькі малая частка бацькоў ведае пра тое, што развіццё маленькага дзіцяці, станаўленне яго ўнутранага свету адбываецца толькі ў сумеснай з дарослымі дзейнасці. Менавіта блізкі дарослы чалавек уступае з малым у дыялог, менавіта з ім дзіця адкрывае і пазнае свет, менавіта пры падтрымцы і дапамозе дарослага дзіця пачынае спрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці і адчуваць свае інтарэсы і магчымасці. Ні адзін тэхнічны сродак не здольны замяніць жывога чалавека.

З мэтай прыцягнення ўвагі бацькоў да пытання ўзбагачэння ўнутранага свету і развіцця маўлення сваіх дзяцей праз сумесныя зносіны ў нашай установе дашкольнай адукацыі для бацькоў выхаванцаў спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення настаўнікам-дэфектолагам Ірынай Міхайлаўнай Галамака быў праведзены лога-квест “Пагавары са мной, мама...”.

Мэта лога-квеста — далучыць бацькоў да гульнявой дзейнасці са сваім дзіцем, пака­заць, як гэта рабіць, дапамагчы бацькам асэнсаваць маральныя каштоўнасці сямейных зносін, пашырыць уяўленні і ўзбагаціць вопыт па пытаннях развіцця маўлення, маральнага выхавання дзіцяці.

Мерапрыемства пачалося з невялікай інсцэніроўкі: адна з мам паказала, як і ў якой форме яна са сваім дзіцем выконвае дома рэкамендацыі настаўніка-дэфектолага.

Далей пачаўся непасрэдна лога-квест. Гульня праходзіла па прынцыпе гульні ў фанты. Кожнаму фанту трэба было прайсці перашкоду, выканаўшы заданне.

Бацькі з цікавасцю, а часам і з асцярогай пераадольвалі перашкоды: рабілі артыкуляцыйную гімнастыку, з дапамогай дапаможніка “Паддзімалачкі” развівалі маўленчае дыханне, аўтаматызавалі гукі ў складах. Вельмі ўразілі іх гульня з ліхтарыкам на аўтаматызацыю гуку ў словах і гульня “ДубльЛог”. А калі давялося з дапамогай пальцаў рук “выразаць” геаметрычныя фігуры, намаляваныя на аркушы паперы, мамы ператварыліся ў сваіх маленькіх дзетак і з непрыхаванымі эмоцыямі выконвалі заданне.

Вялікае ўражанне на баць­коў зрабіла практыкаванне на развіццё міжпаўшарнага ўзаемадзеяння, у якім трэба было адначасова дзвюма рукамі абвесці лініі па кропках.

У канцы  мерапрыемства бацькі прызналіся, што гэта вельмі цікава — проста гуляць. І выкананне рэкамендацый настаўніка-дэфектолага дома можна зрабіць цікавым, а не сумным і складаным заняткам.

Падводзячы вынікі, настаўнік-дэфектолаг падзякавала ўсім бацькам за ўдзел, падарыўшы кожнаму дапаможнік для развіцця маўленчага дыхання “Паддзімалачка”. Яна яшчэ раз звярнула іх увагу на тое, што мама — гэта галоўны педагог для дзяцей дашкольнага ўзросту. Яе функцыя — навучыць дзіця жыць, вучыцца, узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі.

Ірына ГАЛАМАКА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 1 Глуска.