×

Людзі, якія жывуць з намі побач

01.02.2020 14:41,

Кожны чацвёрты чацвер месяца для навучэнцаў стаў асаблівы: у гэты дзень праходзяць заняткі ў Школе актыўнага грамадзяніна. Праект ШАГ ініцыяваны Міністэрствам адукацыі і паспяхова ладзіцца другі год.

Адна з гадзін інфармавання была прысвечана тэме “Ганаруся сваімі славутымі землякамі”. Героі працы ёсць у кожным кутку нашай краіны. У нас — таксама. На сустрэчу з навучэнцамі Філатаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна быў запрошаны вядомы ў свой час працаўнік, а сёння пенсіянер і жыхар аг. Філатава Антон Іванавіч Збуржынскі, які прысвяціў любімай справе ўсё жыццё.

 З цікавасцю слухалі дзеці аповед Антона Іванавіча пра яго жыццёвы і працоўны шлях. Вырас ён у мнагадзетнай сям’і. Пасля атрымання адукацыі Антон Іванавіч застаўся на малой радзіме і працаваў шафёрам у мясцовай гаспадарцы амаль 40 гадоў. На машынах ГАЗ-51 і ГАЗ-53 ён аб’ехаў амаль палову краіны (тады Савецкага Саюза): Чарнігаў, Смаленск, Данецк, Уладзімір, Мурам. І ўсюды патрэбны былі яго рукі і майстэрства.

Расказаў Антон Іванавіч і пра цяжкасці, з якімі даводзілася сутыкацца, як ён іх пераадольваў, а таксама ўспомніў пра вясёлыя моманты на працы.

Дзеці падрыхтавалі для госця шмат пытанняў. Але адно запомнілася асабліва: “Ці ўспаміналі вы сваю працу, калі пайшлі на заслужаны адпачынак?” Антон Іванавіч адказаў: “Яна і цяпер мне сніцца”.

За сумленную і шматгадовую працу Антон Іванавіч быў удастоены шматлікіх дзяржаўных узнагарод: ордэна “Знак Пашаны” і ордэна Працоўнай Славы III ступені, медаля “За поспехі ў народнай гаспадарцы СССР” і юбілейнага медаля “Дваццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”, знакаў “Ударнік чацвёртай пяцігодкі”, “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва” і многіх іншых.

Антон Іванавіч заклікаў вучняў любіць родны край, месца, дзе яны нарадзіліся і жывуць, даў наказ добра вучыцца, выбраць справу па душы, каб кожны працоўны дзень прыносіў радасць і поспех.

Таццяна ШАРОЙКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры, класны кіраўнік 11 класа Філатаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна.