×

Магчымасць акунуцца ў цуды

14.01.2020 12:12,

Дабрачыннае свята для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з усіх раёнаў вобласці адбылося на Магілёўшчыне.

Пры падтрымцы рэгіянальнага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” дзеці акунуліся ў казку і атрымалі салодкія падарункі. Са святамі хлопчыкаў і дзяўчынак шчыра павіншаваў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

— Накіроўвайце сваю актыўнасць і энергію ў патрэбнае рэчышча: на вучобу, спорт, творчасць, на любоў да сваіх баць­коў, любоў да Радзімы. Сёння ў вас ёсць усе магчымасці для ўсебаковага развіцця, — адзначыў Валерый Анатольевіч, пасля чаго падзякаваў выхавальнікам і педагогам за тыя цеплыню і клопат, якія яны штодзень дораць дзецям.

Удзельнікі свята змаглі апынуцца ў казцы, убачыць Дзеда Мароза, Снягурку, іншых казачных персанажаў. Магчымасць ажыццявіць такую мару ім прадаставілі ў абласным Цэнтры творчасці падчас прагляду навагодняга мюзікла “Аліса ў Залюстрэччы”.

Спектакль пастаўлены па знаёмай усім казцы англійскага пісьменніка Льюіса Кэрала. Але вядомы кожнаму дзіцяці твор супрацоўнікі цэнтра вырашылі паднесці гледачу зусім па-новаму, у сучаснай інтэрпрэтацыі. Гэта дазволіла больш дакладна зразумець, аб чым казка, і зрабіць адпаведныя вывады. 

— Ідэя рабіць пастаноўку менавіта на гэтую казку не была выпадковай. Мы мэтанакіравана зрабілі такі выбар. У казцы вельмі павучальная мараль, якая гаворыць аб тым, што нельга марнаваць свой час дарма. Бо час — гэта самае дарагое, што мы можам падарыць сваім родным. Любыя матэрыяльныя падарункі — узнаўляльныя, а вось час, праведзены з роднымі і сябрамі, не ўзнавіцца, ён пройдзе і ўжо ніколі не вернецца. Таму час трэба шанаваць, як неацэнную каштоўнасць, — расказала загадчык аддзела культурна-масавай работы АЦТ В.П.Казлоўская. — Для таго каб дзеці лепш зразумелі гэтую ісціну, мы зрабілі казку больш набліжанай да сённяшняга дня. Героі казкі зазналі істотныя пераўтварэнні, аднак асноўную лінію сюжэта мы не змянілі. Гэта па-ранейшаму гісторыя пра тое, што мары ажыццяўляюцца, трэба толькі прыкласці для гэтага крыху ўласных намаганняў, — дадала Валянціна Пятроўна.

У спектаклі задзейнічалі амаль сто чалавек. Гэта педагогі і дзіцячыя творчыя калектывы цэнтра: заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны эстрадны тэатр-студыя “Вясёлка”, узорны тэатр гульні і юных вядучых “Бім-Бом”, тэатральная студыя “Экстрым”, узорны харэаграфічны ансамбль “Крынічка”, харэаграфічная група ансамбля народнай песні “Ярыца”. Іх выдатная падрыхтоўка з першых мінут пастаноўкі пагрузіла гледачоў у цікавы, павучальны свет казкі. Гэтаму спрыялі яркія навагоднія дэкарацыі і спецэфекты, якія перыядычна мянялі аблічча сцэны, ствараючы ў зале непаўторную чароўную атмасферу, знаёмыя песні і прыгожая музыка, а таксама акцёры, якія поўнасцю пераўвасобіліся ў сваіх казачных персанажаў. Маленькія гледачы ды іх бацькі ўважліва назіралі за прыгодамі Алісы, чэшырскага Ката, Белай і Чорнай Каралеў, якія сваёй ігрой на сцэне дапамаглі прысутным перанесціся са штодзённай рэальнасці ў атмасферу сапраўдных цудаў. Дарэчы, акунуцца ў навагодняе чараўніцтва наведвальнікі паказу маглі і ў фае Цэнтра творчасці, дзе гасцей перад пачаткам спектакля каля святочнай ёлкі сустракалі Дзед Мароз і Снягурка.

Навагодні мюзікл у АЦТ доўжыўся больш за гадзіну, але гэты час праляцеў як 5 мінут. Адыграны мюзікл быў на адным дыханні і вельмі ўразіў гледачоў, якія, затаіўшы дыханне, перажывалі разам з героямі казкі. У фінале, як і нале­жыць, гісторыя скончылася добра.

За навагоднія святы творчая група акцёраў АЦТ ады­грала 40 спектакляў. Кожны сеанс сустракала поўная зала, а яна змяшчае амаль 600 месцаў. У цэлым жа пастаноўку ўбачылі звыш 24 тысяч магілёўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.