×

Маміны рукі самыя пяшчотныя

14.03.2019 17:29,

Трэці год у санаторным яслях-садзе № 5 Чавусаў, што ў Магілёўскай вобласці, для дзяцей, якія не наведваюць дашкольную ўстанову, і іх мам працуе Матчына школа.

Заняткі арганізаваны два разы на тыдзень. З малымі і дарослымі працуюць педагог-псіхолаг, выхавальнікі дашкольнай адукацыі, музычны кіраўнік, кіраўнік фізічнага выхавання, настаўнік-дэфектолаг. З мэтай адаптацыі да дашкольнай установы з бацькамі і дзецьмі праводзяцца сумесныя заняткі, а таксама ствараюцца ўмовы для самастойных гульняў хлопчыкаў і дзяўчынак.

Не сакрэт, што калі мама знаходзіцца побач, то малы адчувае сябе больш упэўнена і разняволена. Бацькі ў сваю чаргу могуць назіраць за работай педагога з дзіцем і пераймаць вопыт, пашыраюцца тэарэтычныя і практычныя веды ў пытаннях выхавання дзяцей. На занятках Матчынай школы дарослыя таксама могуць дзяліцца вопытам сямейнага выхавання.

Работа школы для дзяцей і бацькоў паказала, што выхаванцы, якія наведвалі заняткі, лягчэй адаптуюцца да ўмоў дзіцячага калектыву і ўстановы дашкольнай адукацыі, а значыць, работа прадоўжыцца.

Ларыса КІСЯЛЁВА,
выхавальніца санаторнага ясляў-сада № 5 Чавусаў.