×

Месца цудаў

13.03.2019 16:41,

Педагогі Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Кастрычніцкага раёна Магілёва наведалі музей гісторыі пажарнай справы і Цэнтр бяспекі Магілёва.

У музеі нам расказалі пра развіццё пажарнай справы ў Магілёве і вобласці з самых старажытных часоў. Папрацаваць гарпуном, патушыць пажар у хаце, пабегаць па пажарнай лесвіцы, зрабіць некалькі здымкаў на памяць і паціснуць руку аднаму з манекенаў пажарнага — усё гэта нам выдалася магчымасць зрабіць! Потым мы адправіліся ў Цэнтр бяспекі. І… трапілі ў казку рэальнасці нашых дзён!

Шэраг экстрэмальных сітуацый — з пераходам з залы ў залу. Вось мы прыселі на лаўку на аўтобусным прыпынку ў чаканні транспарту — і прычапіліся хуліганы; вось мы ў салоне аўтобуса — і паўтараем правілы бяспечных паводзін; вось мы падымаемся ў ліфце з падазронымі асобамі — і нас вучаць, як сябе паводзіць; вось мы сталі сведкамі, як, гуляючы на лёдзе, адно дзіця правалілася пад лёд, а другое паўзком, працягваючы яму палку, выцягвае на бераг... Вось мы ў лесе спрабуем сарваць атрутны грыб, пагладзіць змяю... І нарэшце мы ў палаючым, ахутаным густым дымам, будынку слухаем голас ратавальніка, трымаемся правага боку і ўрэшце выбіраемся з чарговай бяды... А тут і медыцынская дапамога: адпрацоўка метаду Гэймліха, непрамога масажу сэрца і штучнай вентыляцыі лёгкіх на прадстаўленых трэнажорах і многае іншае.

Тут у выглядзе гульні, тэставых заданняў адпрацоўваюцца розныя сітуацыі, з якімі сутыкаюцца дзеці і дарослыя ў паўсядзённым жыцці, і на ўсе пытанні даюцца вычарпальныя адказы.

Мы атрымалі велізарнае задавальненне! Выказваем вялікую падзяку за цікавую і пазнавальную экскурсію Д.К.Майсееву, Е.О.Ганчарову і ўсім, дзякуючы каму маем такі цуд у горадзе!

Сыходзілі з упэўненасцю, што, наведаўшы Цэнтр бяспекі, магілёўцы справяцца з любой бядой і змогуць захаваць жыццё. А мы вернемся сюды яшчэ не раз!

Наталля ПАДГЛАЗАВА,
загадчыца Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Кастрычніцкага раёна Магілёва.