×

Метадычнае суправаджэнне — кластарам

06.06.2019 12:04,

Тэхналогіі эфектыўнай метадычнай дзейнасці і прафесійнага развіцця педагагічных кадраў абмеркавалі на семінары ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці. Выбраная тэма надзённая і актуальная. Мадэрнізацыя навукова-метадычнага забеспячэння дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі абазначана дзяржаўнай праграмай “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады”.

— Адзін з прыярытэтных напрамкаў работы зараз — абнаўленне зместу адукацыйнага працэсу, распрацоўка вучэбных праграм новага пакалення, укараненне інавацый, удасканаленне прафесійнай кампетэнцыі педагогаў. На нашым семінары прысутнічалі прадстаўнікі 31 навучальнай установы. Разам мы прааналізавалі выніковасць функцыянавання апорных метадычных пляцовак рэгіёна і форм работы прафесійнага развіцця педагагічных кадраў, — расказала метадыст абласнога Цэнтра творчасці Н.П.Ластачка.

Падчас семінара была прэзентавана дзей­насць апорных метадычных пляцовак розных устаноў, спектр інавацыйных форм работы з педагогамі, навучэнцамі. Так, абласны Цэнтр творчасці прадставіў сістэму работы па метадычным суправаджэнні павышэння прафесійнага майстэрства, творчай ініцыятывы і інфармацыйнай культуры педагагічных работнікаў. Таксама прысутным быў прадстаўлены абагульнены вопыт работы па праграмным забеспячэнні школы ранняга развіцця дзяцей.

Цікавымі практычнымі напрацоўкамі па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні падзяліліся прадстаўнікі магілёўскіх шматпрофільнага Цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Раднічок”. Педагогі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва прадэманстравалі асаблівасці апорнай метадычнай пляцоўкі па фарміраванні рознабаковай асобы пры дапамозе мастацкай творчасці. А супрацоўнікі Магілёўскага цэнтра творчасці “Эверэст” расказалі калегам пра свой вопыт арганізацыі работы з педагогамі ў сучасных умовах.

Дзякуючы практычнай арыентаванасці семінара, усе яго ўдзельнікі змаглі падрабязна азнаёміцца з мадэллю кластарнай арганізацыі навукова-метадычнага суправаджэння і адукацыйнага асяроддзя ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Магілёўскай вобласці. Сумесна былі таксама акрэслены асноўныя задачы і напрамкі па ўдасканаленні дзейнасці апорных метадычных пляцовак рэгіёна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановый адукацыі.