×

Мне родныя Верамейкі даражэйшыя за ўсе гарады

09.04.2019 12:19,

Пад такім дэвізам у Верамейскай сярэдняй школе Чэрыкаўскага раёна прайшоў тэматычны тыдзень, прысвечаны малой радзіме. Ладзіліся мерапрыемствы для розных узроставых груп як вучняў, так і для бацькоў, і жыхароў аграгарадка. Пачалося ўсё з урачыстай лінейкі, дзе дырэктар школы Алена Міхайлаўна Стаханава зачытала загад аб правядзенні цыкла мерапрыемстваў, прысвечаных малой радзіме.

Кожны дзень на перапынках на калідорах іграла музыка пра Беларусь, пра Радзіму, родныя і блізкія кожнаму мясціны. На вялікім экране дэманстраваліся відэакліпы. Некаторыя дзеці не маглі адарвацца ад экрана на працягу ўсіх перапынкаў. На другі дзень усе ахвотныя з 5 па 10 класы маглі наведаць Свята-Пакроўскі храм аграгарадка. Для дзяцей была праведзена аглядная экскурсія па гісторыі праваслаўя ў Верамейках. Наведаць храм пажадалі не толькі дзеці, але і педагогі.

Любы населены пункт нашай краіны багаты легендамі і паданнямі. Верамейкі не выключэнне. Яны вядомы з XV стагоддзя. Ускрайкі аграгарадка маюць даволі рэдкія і прыгожыя назвы: Паходавічы (калісьці гэта была вёска), лес Лісічэнка, Кургузовы горы, возера Белыя горы і інш. Пра ўсё гэта навучэнцы даведаліся на класных гадзінах.

У сераду пасля шостага ўрока для малодшых і сярэдніх класаў педагог-арганізатар правяла квэст-гульню па веданні гісторыі і геаграфіі Чэрыкаўшчыны. Галаваломкі і пытанні пра родную зямлю прымушалі задумацца ўсіх удзельнікаў квэсту. Вучняў 1—4 класаў прымаў школьны музей баявой славы. У 2000 годзе музей атрымаў ганаровае званне народнага.

На наступны дзень быў запланаваны святочны канцэрт “Мне родныя Верамейкі даражэйшыя за ўсе гарады”. Зала была поўная гасцей. Акрамя навучэнцаў, наведаць свята маглі ўсе ахвотныя жыхары аграгарадка. Музычныя творы выконвалі як навучэнцы, так і педагогі. Завяршыўся тыдзень конкурсам чытальнікаў “Люблю свой край”. Амаль усе вершы былі ўзятыя ў паэтаў Чэрыкаўскага раёна. Прагучалі творы Івана Філіпавіча Дзенісенкі (падпольшчыка і паэта), Івана Архіпавіча Ткачова (ураджэнца вёскі Норкі) і многіх іншых. Лепшых чытальнікаў, а таксама за годны ўдзел у тэматычным тыдні дырэктар школы ўзнагародзіла дыпломамі.

Вечарам у пятніцу ў якасці пасляслоўя была арганізавана незвычайная імпрэза “Ноч у музеі”. Падобныя акцыі праводзяцца штогод у буйных гарадах, дзе кожны можа наведаць бясплатна любы музей, але толькі гэтым вечарам. У нашай школе такое мерапрыемства праходзіла ўпершыню і было накіравана ў першую чаргу на аўдыторыю з жыхароў і гасцей аграгарадка. Госці пачалі збірацца ўжо да 18:00. Прыемна, што акрамя дзяцей, музей наведала шмат дарослых, у тым ліку госці з Магілёва і Мінска.

У рамках тыдня быў запланаваны паход да месца пахавання воіна Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Чарнышан Чэрыкаўскага раёна. Па сутнасці, у магіле пахаваны невядомы салдат або салдаты. Але ў ходзе апытання старажылаў сельскага савета стала вядома, што тут пахаваны капітан. Хутчэй за ўсё, медык па адукацыі, які ў 1944 годзе падарваўся на міне. Іх шмат пакідалі немцы, калі адступалі. Імя і прозвішча салдата ўстанаўліваюцца.

Тыдзень, прысвечаны малой радзіме, праведзены адміністрацыяй і педагогамі школы, прайшоў на высокім узроўні. Спадзяемся, ён стане традыцыйным не толькі ў нашай установе адукацыі.

Сяргей ЛУКАШЭНКА,
настаўнік Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна.