×

На экскурсіі — віртуальна

12.10.2019 14:34,

Магілёўшчына — гэта не толькі край з багатай культурнай спадчынай, але і месца, дзе на працягу соцень гадоў перасякаліся найважнейшыя гандлёвыя шляхі, зямля, дзе вяршыўся лёс дзяржаў і пакінулі свой крывавы след многія заваёўнікі. Як сухія гістарычныя факты роднага краю данесці ў цікавай форме навучэнцам і падштурхнуць іх да актыўнага пошуку інфармацыі?

Цікавасць навучэнцаў выклікае прымяненне разнастайных інфармацыйных тэхналогій, якія прадугледжваюць выкарыстанне рэсурсаў інтэрнэту. Выкарыстанне нестандартных інавацыйных тэхналогій дапамагае павысіць матывацыю і эфектыўнасць навучання, актывізаваць вучэбны працэс. Знаёмячыся з рознымі спосабамі павышэння матывацыі і магчымасці прымянення ІКТ, я зацікавілася стварэннем віртуальных экскурсій.

Віртуальная экскурсія — гэта арганізацыйная форма адукацыйнай дзейнасці, якая адрозніваецца ад рэальнай экскурсіі віртуальным адлюстраваннем рэальна існуючых аб’ектаў. Перавагамі з’яўляюцца даступнасць, магчымасць паўторнага прагляду, нагляднасць, наяўнасць інтэрактыўных заданняў.

У цяперашні час у інтэрнэце на рускамоўных сайтах можна знайсці вялікую колькасць гатовых віртуальных экскурсій. Я адкрыла для сябе сеткавы рэсурс TripLine, з дапамогай якога лёгка і хутка можна ства­рыць інтэрактыўную карту-прэзентацыю ілюструючых падарожжаў. Зручны інструмент інтэгруе з мноствам сэрвісаў. Дзякуючы гэтаму сэрвісу, я стварыла гісторыка-культурную экскурсію па старажытных замках Беларусі і аглядную экскурсію па 10 славутасцях Магілёва, якія размяшчаюцца ў цэнтры горада. Навучэнцы на маіх уроках англійскай мовы з задавальненнем адкрывалі для сябе загадкавыя легенды, звязаныя з гісторыяй старажытных замкаў, і цікавыя факты пра родны горад, актыўна працавалі з тэматычнымі творчымі заданнямі, атрыманымі па маршруце экскурсіі.

У час віртуальных экскурсій мая асноўная задача — стварыць умовы для ініцыятывы навучэнцаў, падахвоціць іх да самастойнага пошуку, даследавання.

Старэнне віртуальнай экскурсіі прадугледжвае правядзенне папярэдняй работы — распрацоўка тэмы, вызначэнне мэты і задач, адначасова з гэтым — адбор аб’ектаў, на якіх бу­дзе пабудавана экскурсія. Кожная экскурсія павінна мець дакладную тэму. Пасля выбару тэмы вызначаецца мэта віртуальнай экскурсіі. Мэта паказвае на актуальнасць тэмы (выхаванне патрыятызму, любові і павагі да Радзімы, да іншых народаў; эстэтычнае выхаванне, а таксама пашырэнне кругагляду, атрыманне дадатковых ведаў у розных галінах навукі і культуры і г.д.).

Віртуальная экскурсія, як і любыя іншыя заняткі, пачынаецца з арганізацыйнага моманту. Педагог арганізоўвае дзяцей на работу, вітае іх, паведамляе ім тэму экскурсіі, яе мэту, задачы, структуру. Пасля арганізацыйнага моманту праводзіць уводную гутарку. Яе задача — актуалізацыя існуючых у выхаванцаў ведаў па тэме, якая вывучаецца. Гэта дазваляе педагогу зрабіць працэс засваення матэрыялу больш глыбокім і эфектыўным, падрыхтаваць іх да выканання самастойнай работы ў групах.

Заканчваецца экскурсія выніковай гутаркай, падчас якой педагог разам з навучэнцамі абагульняе, сістэматызуе ўбачанае і пачутае. Змест і структуру віртуальнай экскурсіі можна разнастаіць віктарынамі, конкурсамі, спаборніцтвамі. Гэта дазваляе зрабіць экскурсію больш захапляючай і незабыўнай.

Алеся САСІНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце магілёўскай гарадской гімназіі № 1.