×

Наперадзе — новыя вяршыні

27.06.2019 13:25,

Сельская ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі… Мабыць, кожны з нас перакананы ў той асаблівай значнасці сельскай школы ў жыцці яе вучняў і ў жыцці вёскі ўвогуле. Сельскія хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць у школе большую частку свайго часу. І роля настаўніка, дзе ўсе адно аднаго ведаюць, асаблівая. Ён заўсёды ў цэнтры падзей, навідавоку. Да сельскага настаўніка, як правіла, звяртаюцца па слушную практычную параду і дапамогу вучні і іх бацькі.

Педагогі нашай установы адукацыі менавіта такія — адкрытыя, сумленныя, неабыякавыя. Адзін з такіх сапраўдных прафесіяналаў — настаўнік тэхнічнай працы Сяргей Леанідавіч Кубека. Усяго некалькі гадоў ён выкладае ў нашай школе, хоць за плячыма ў яго багаты педагагічны вопыт у якасці настаўніка тэхнічнай працы, загадчыка аддзела тэхнічнай творчасці раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Сяргей Леанідавіч — творчы, адданы любімай прафесіі настаўнік. У свой час ён паспяхова скончыў Аршанскае педагагічнае вучылішча па спецыяльнасці “Настаўнік тэхнічнай працы і чарчэння”, а крыху пазней, у больш сталым узросце, — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Выкладчык выяўленчага мастацтва, чарчэння і народных мастацкіх рамёстваў, педагог-мастак”. Спалучэнне дзвюх атрыманых спецыяльнасцей дазваляе яму эфектыўна працаваць па фарміраванні асноў кампетэнтнасці вучняў у розных сферах працоўнай, дэкаратыўна-прыкладной і тэхнічнай творчасці. Усё гэта спрыяе сацыялізацыі асобы вучняў.

Сяргей Леанідавіч цвёрда перакананы, што толькі даверам можна выклікаць прыхільнасць дзяцей да вызначанай справы. Вучэбныя заняткі і заняткі грамадска карыснай працай, якія праводзіць настаўнік на ІІ і ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, — грунтоўныя і насычаныя. Будуюцца яны так прадумана, што нават не вельмі зацікаўленыя працай вучні выконваюць даручаныя заданні захоплена і старанна.

Выхаванцы С.Л.Кубекі лічаць, што ім пашчасціла вучыцца ў гэтага настаўніка, бо ў яго на ўроках ніколі не бывае сумна, ён вучыць шмат чаму карыснаму і патрэбнаму ў жыцці. Радуе вока выкананая пад кіраўніцтвам Сяргея Леанідавіча калонка для вады ў форме млына. Абноўле-­­
ная калонка так спадабалася мясцовым жыхарам, што яны падыходзяць да яе, каб сфатаграфавацца, пры гэтым кажуць, што нават вада стала смачнейшай. А якой прыгожай і зручнай у выкарыстанні атрымалася лесвіца-спуск да школьнага стадыёна! Самае галоўнае — зроблена ўсё сваімі рукамі, таму з асаблівым пачуццём гонару прапаноўваюць вучні скарыстацца ёй усім наведвальнікам установы. Асабліва задаволены былі нашы ўмельцы змайстраваны­мі кармушкамі для птушак. Кармушкі вабяць вока сваёй арыгінальнасцю і незвычайнасцю, бо зроблены ў форме парт­феляў. Зусім нядаўна з’явілася новая дэкаратыўная работа нашых юных майстроў — шпакоўні неардынарнай формы.

Плённая творчая праца педагога дае выдатныя вынікі: у бягучым навучальным годзе вучні С.Л.Кубекі занялі ганаровае 3-е месца ў абласных этапах рэспубліканскіх конкурсаў “ТэхнаЁлка”, “Ратавальнікі вачыма дзяцей”. На заключным этапе конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей” сямікласнікі Яўген Кулік і Уладзімір Цалавальнік былі ўдастоены дыпломаў ІІ ступені.

Жыццё чалавека — гэта пастаяннае імкненне да поспеху і прызнання. Поспех педагога — ва ўпартай, мэтанакіраванай працы і веры ў здольнасці вучняў. Заўсёды прыемна канстатаваць пэўныя станоўчыя вынікі. Высокі прафесіяналізм і адказнае стаўленне С.Л.Кубекі да даручанай справы ўпэўніваюць у тым, што новыя вяршыні чакаюць наперадзе гэтага адданага прафесіі настаўніка. 

Таццяна ЖУКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Цяцерынскага дзіцячага сада —
сярэдняй школы Круглянскага  раёна.