×

Народная цацка — люстэрка культуры

10.03.2020 11:21,

Кожны народ не павінен губляць сваіх каранёў, забываць пра сваё культурнае мінулае. Менавіта таму родная культура, як бацька і маці, павінна стаць для дзіцяці інструментам пазнання асноўных жыццёвых каштоўнасцей. Каб выхаваць такую асобу, неабходна прадаставіць дзіцяці ўмовы, у якіх яно адчула б духоўнае жыццё свайго народа і творча зацвердзіла сябе ў ім, прыняло і палюбіла гісторыю і культуру сваёй нацыі.

Цацка — адна з найцікавейшых старонак у гісторыі культуры. Народная цацка, як і народная казка, народная песня, народная гульня, уплывае на грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне дзяцей дашкольнага ўзросту, фарміраванне іх нацыянальнай самасвядомасці. Яна развівае іх цікавасць да традыцый свайго народа, гісторыі яго жыцця. Маленькае дзіця, гуляючы з народнай цацкай, успрымае яе з дапамогай сенсорных аналізатараў і тым самым далучаецца да мастацкіх асаблівасцей цацачнага вобраза, якія расказваюць яму пра адметнасці вытворча-гаспадарчай і святочна-абрадавай дзейнасці той этнічнай супольнасці, да якой дзіця належыць.

Беларуская народная цацка адлюстроўвае традыцыі. Яна нясе на сабе адбітак сацыяльнага ладу грамадства, узроўню яго культуры, нацыянальна-мастацкіх традыцый і эстэтычных запатрабаванняў.

У рамках інавацыйнага праекта па далучэнні бацькоў да адзінага адукацыйнага і творчага асяроддзя ў спецыяльнай групе для дзяцей з парушэннямі маўлення была арганізавана творчая майстэрня па вырабе беларускай народнай цацкі. Выхаванцы разам з бацькамі і бабулямі стваралі такія лялькі, як “Скарбонка-траўніца”,  “Крупенічка”,  “Берагіня”, лялькі-мотанкі. Дзеці з вялікім захапленнем стваралі ляльку: скручвалі тканіну (рабілі скруташ), афармлялі твар з ільнянога лапіка, рабілі грудзі з набітых шарыкаў, убор са стракатых лапікаў. У ёй няма нічога лішняга, яна амаль сімвал. Лялька — гэта найпросты вобраз жаночай фігуры.

Выкарыстанне традыцыйнай беларускай цацкі разам з авалоданнем роднай мовай, успрыманнем фальклорных твораў фарміруе ў дзіцяці той душэўна-духоўны ўклад, які спатрэбіцца яму ў далейшым жыцці. Заняткі з дзецьмі народнай лялькай дапамагаюць проста і ненадакучліва расказаць аб самым галоўным — прыгажосці і разнастайнасці гэтага свету, яго гісторыі.

Наталля РАШЫЛАВА,
выхавальніца ясляў-сада № 1 Круглага.