×

Наш адважны зямляк

28.11.2019 15:02,

Сустрэча, якая адбылася ў Барчыцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Кіраўскага раёна, пацвердзіла, наколькі моцнай з’яўляецца нітка памяці, якая злучае пакаленні. У госці да вучняў прыехаў лётчык Лявонцій Цімафеевіч Сямёнаў, для якога вёска Скрыпліца стала малой радзімай. Навучэнцы з задавальненнем праслухалі аповед госця, паглядзелі відэафільмы пра яго подзвiгi ў небе, задавалі пытанні аб прафесіі лётчыка. Знакаміты зямляк адзначыў, што нельга забываць пра малую радзіму. Сам ён часта прыязджае ў родную вёску.

Паспяхова скончыўшы школу, вясковы хлопец паступіў у Балашоўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў. Потым наш зямляк працаваў лётчыкам транспартнай авіяцыі. У хуткім часе яму давялося стаць удзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане. Не кожны зможа вытрымаць тое, што давялося перажыць маладому чалавеку. Ад яго прафесіяналізму залежаў лёс многіх людзей. Паўтара года лётчык самааддана праходзіў службу ў небе Афганістана.

Праз некаторы час зноў прыйшлося ляцець далёка з мэтай выканання важных заданняў. Савецкія лётчыкі забяспечвалі армію Кубы і Анголы, перавозілі ваенныя і народна-гаспадарчыя грузы ў Венгрыі, Германіі, Польшчы. І наш зямляк дапамагаў розным народам, за што неаднаразова быў узнагароджаны. Калі адбыўся землятрус у Арменіі, Лявонцій Цімафеевіч быў адным з першых, хто прызямліўся на месцы разбурэнняў. Пацярпелыя дзякавалі за любую дапамогу, і лётчыкі зрабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы.

27 гадоў прысвяціў любімай прафесіі адважны чалавек. 11 400 гадзін налётаў. Баявыя вылеты напружаныя для любога лётчыка. Такіх вылетаў у яго 600. Наш зямляк лётаў у небе на пяці тыпах самалётаў: ваенна-транспартныя самалёты Ан-12, Ан-22, Ан-22 “Антэй”, Ан-26, Іл-76. За бездакорную службу ўзнагароджаны 14 медалямі, а таксама ордэнамі.

Ляцяць гады, але добрыя справы на карысць іншых будуць жыць у памяці заўсёды. Лётчык гэта разумее, але пра свае подзвігі згадвае сціпла. Ды для нас гэта падстава для гонару: у нашай невялікай вёсцы нарадзіўся чалавек, які годна прайшоў шлях, поўны нечаканасцей, у неба ўзляталі самалёты, за штурвалам якіх быў наш герой.

Наталля ЛЫСЕНКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Барчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кіраўскага раёна.