×

Настаўнік вучыцца ўсё жыццё

13.03.2019 10:51,

Настаўнік вучыцца ўсё жыццё — вядомая ісціна. Але праходзіць час, і адны настаўнікі спакойна рухаюцца па накатанай, выкарыстоўваючы старыя планы, а іншыя, нягледзячы на паўтаральнасць і ўяўную аднастайнасць працы, пастаянна шукаюць нешта новае. Сапраўдны настаўнік-прафесіянал знаходзіцца ў пастаянным развіцці і ўсё сваё працоўнае жыццё з’яўляецца даследчыкам.

Так, з мэтай развіцця прафесійнай кампетэнцыі педагогаў, распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага досведу ў Ціманаўскай сярэдняй школе Клімавіцкага раёна прайшоў тыдзень педагагічнага майстэрства “Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі як сродак павышэння якасці ведаў”.

Правядзенне мерапрыемстваў (тэматычныя выстаўкі, майстар-класы і трэнінгі для педагогаў) дазваляла параўнаць індывідуальны практычны вопыт з прафесійным вопытам калег, зрабіць ацэнку якасці сваёй працы.

У настаўніцкай была арганізавана выстаўка педагагічных дасягненняў і метадычных распрацовак, матэрыялаў па самаадукацыі. Кіраўнікі метадычных аб’яднанняў прынялі актыўны ўдзел у стварэнні інфармацыйна-метадычнага бюлетэня “Як навучыць навучэнцаў вучыцца?”

Настаўнікі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі падзяліліся вопытам правядзення эфектыўных урокаў, аказаўшы тым самым метадычную дапамогу маладым педагогам. Таццяна Анатольеўна Захаранка паказала, як праз заахвочванне любой ініцыятывы на ўроках матэматыкі імкнецца выхоўваць свабодную асобу, якая мае права на выбар. Вопытам работы навучэнцаў пачатковых класаў з несуцэльных тэкстам падзялілася з калегамі Іна Уладзіміраўна Анэлькіна. Рэкламныя постары, афішы, чэкі з крамы — усё ідзе ў ход на ўроку рускай мовы і матэматыкі.

Алена Пятроўна Радзевіч пазнаёміла калег з актыўнымі формамі і метадамі работы на ўроку рускай мовы і літаратуры. Яна робіць акцэнт на развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў праз работу з тэкстамі розных стыляў, складанне лінгвістычных мініяцюр, казак і загадак, стварэнне рэбусаў і крыжаванак.

Міхаіл Аляксандравіч Мяльноў паказаў майстар-клас “Інтэрактыўны плакат як сучасная форма работы на ўроку”. Удзельнікі даведаліся, як ствараецца інтэрактыўны плакат, убачылі плакаты, створаныя навучэнцамі 9 “Б” і 11 класаў.

Алена Мікалаеўна Валкевіч правяла ўрок англійскай мовы ў 9 “Б” класе. Урок дазволіў дзецям актуалізаваць веды па прадмеце, даведацца цікавыя факты пра надвор’е і клімат. Праглядаліся міжпрадметныя сувязі (англійская мова — гісторыя, геаграфія, літаратура). Індывідуальнасць, педагагічнае майстэрства, высокі культурны ўзровень педагога спрыялі павышэнню цікавасці і педагогаў да гэтай тэмы.

Навучэнцам 4 класа Марына Міхайлаўна Шолахава прапанавала здзейсніць падарожжа ў краіну “Дзеяслоў”. Хлопцы пабывалі на станцыях “Граматычная”, “Тэарэтычная”, “Творчая”, “Дружная”. Гэта падарожжа дапамагло не толькі замацаваць матэрыял, але і зрабіць новыя адкрыцці. Увесь урок дзеці былі актыўныя, ўважлівыя і руплівыя.

Людміла Аляксандраўна Казадоева прапанавала ўвазе калег пазакласнае мерапрыемства па рускай мове “Шчаслівы выпадак” у 5 “Б”. Вучні паказалі добрыя веды па лексіцы, фанетыцы і арфаграфіі. Спаборніцтва прайшло ў духу супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі.

Завяршыў тыдзень семінар-практыкум для педагогаў, мэтай якога было разгледзець розныя чалавечыя адносіны, знайсці шляхі выхаду з праблемных сітуацый, навучыцца бачыць станоўчае ў праблемным і захапіць ідэяй.

Праведзеныя мерапрыемствы былі пазнавальныя, арыентаваны на максімальнае раскрыццё творчых і інтэлектуальных магчымасцей кожнага педагога.

Іна РАМАНЕНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна.