×

Настаўнік з вялікай літары

05.03.2019 16:02,

Ні для каго не сакрэт, што сфера адукацыі ў нашай краіне з’яўляецца жаночай, большасць школьных настаўнікаў — прадстаўніцы прыгожай палавіны чалавецтва. Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня хацелася б расказаць пра адну з школьных настаўніц. Гэтая жанчына прысвяціла ўсё сваё свядомае жыццё дзецям.

Святлана Уладзіміраўна Шыбут прапрацавала ў школе 46 гадоў. Увесь гэты час быў напоўнены любоўю да дзяцей і да справы.

У 1972 годзе Святлана Уладзіміраўна скончыла Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.А.Куляшова па спецыяльнасці “Настаўнік геаграфіі” і пачала працоўную дзейнасць у Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці выхавальнікам групы прадоўжанага дня. Потым яны з мужам, якога прызначылі дырэктарам школы, перабраліся ў вёску Пуцькоў Чавускага раёна, а з 1984 года сям’я Шыбут уладкавалася ў аграгарадку Гарбавічы, дзе пражывае да гэтага часу.

Святлана Уладзіміраўна працавала настаўнікам геаграфіі, гісторыі, намеснікам дырэктара па выхаваўчай працы. Асноўным напрамкам яе работы была краязнаўчая дзейнасць. Шмат сіл яна аддала даследаванню мінулага аграгарадка Гарбавічы, удзельнічала ў пошукавым руху, актыўна праводзіла асветніцкую работу сярод мясцовых жыхароў, а таксама за межамі раёна. На працягу 32 гадоў Святлана Уладзіміраўна кіравала школьным гісторыка-краязнаўчым музеем Гарбовіцкай школы. У гэты час музей стаў пераможцам у абласным аглядзе-конкурсе краязнаўчых музеяў. Таксама ў музеі дзейнічаў гурток “Музейная справа”. Дзеці, якія займаліся ў гуртку, пад кіраўніцтвам Святланы Уладзіміраўны, збіралі ўспаміны ветэранаў, удзельнічалі ў экспедыцыях па Беларусі і Расіі, праводзілі экскурсіі для вучняў, настаўнікаў, гасцей школы, выступаючы ў ролі экскурсаводаў. Члены музейнага гуртка займаліся навукова-даследчай работай, неаднаразова былі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсаў і канферэнцый.

Святлана Уладзіміраўна была ўдастоена мноства ўзнагарод, большую частку з іх атрымала за актыўную краязнаўчую і пошукавую работу, за папулярызацыю гэтай дзейнасці сярод падрастаючага пакалення. У кастрычніку 1997 года настаўніца з’яўлялася дэлегатам I з’езда настаўнікаў Рэспублікі Беларусь, які праходзіў у Мінску. У гэты час ёй было прысвоена званне “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Аднак самая галоўная ўзнагарода за працу, як яна сама адзначае, — падзяка яе вучняў і тых, каму яна дапамагла.

На сёння ў аграгарадку Гарбовічы складана знайсці чалавека, які б не ведаў пра дзейнасць Святланы Уладзіміраўны. Яе ведаюць не толькі як выдатнага педагога і краязнаўцу, але і як аўтара кнігі пра родную вёску. Свой шматгадовы досвед наша гераіня абагульніла ў брашуры “Вёска Гарбавічы. Старонкі гісторыі”, якая была выдадзена ў 2014 годзе.

Нягледзячы на насычаную працоўную дзейнасць, Святлана Уладзіміраўна не забывала пра сваю сям’ю. Яна шматдзетная мама. Разам з мужам Сяргеем Міхайлавічам выхавалі траіх дзяцей. Святлана Уладзіміраўна паспявала ўсё: быць творчым педагогам, клапатлівай маці, добрай гаспадыняй.

Бывалі сітуацыі, калі нешта ў сям’і не ладзілася, узнікалі праблемы, цяжкасці. Але калі прыходзіла ў школу да сваіх вучняў, адкрывалася другое дыханне, падымаўся настрой, і яна верыла ў найлепнае!

Выйшаўшы на пенсію, Святлана Уладзіміраўна працягвала выкладаць і кіраваць музеем. З 2018 года жанчына на заслужаным адпачынку, аднак усё роўна працягвае актыўную дзейнасць, да гэтага часу з задавальненнем праводзіць экскурсіі ў музеі для гасцей школы.

Вельмі хочацца, каб такіх педагогаў у нашай школе было як мага больш!

Марыя ЧАВУСАВА,
старшыня прафсаюзнага камітэта Гарбовіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Чавускага раёна Магілёўская вобласці.