×

Навагодні посткросінг у дзіцячым садзе

20.12.2019 11:09,

Выдатна, калі ёсць цікавая ідэя, якая прыносіць радасць, а таксама пашырае магчымасці для зносін і пошуку новых сяброў з розных краін. Нашы педагогі і выхаванцы сярэдняй і старшай груп — актыўныя ўдзельнікі міжнароднага праекта-посткросінгу “Планета дзяцінства”. Напярэдадні навагодняга свята мы вырашылі парадаваць нашых сяброў па перапісцы віншавальнымі паштоўкамі. 

У крамах сёння можна знайсці навагоднія паштоўкі на любы густ, але незабыўны і непаўторны той падарунак, які выкананы сваімі рукамі. Таму мы вырашылі зрабіць самаробныя паштоўкі,  бо гэта добрая магчымасць дадаць навагодняму пасланню цеплыні. Хлопчыкі і дзяўчынкі абдумвалі сюжэт, а потым карпатліва, з цікавасцю і жаданнем майстравалі паштоўкі, упрыгожвалі дэкаратыўнымі элементамі, стразамі і канфеці. Пасля таго, як праца была завершана, паклалі паштоўкі ў канверты і адправілі навагоднія лісты ў Свярдлоўскую і Ленінградскую вобласці, а таксама ў Гомель.

А колькі было радасці ў дзяцей, калі яны самі атрымалі лісты з Расіі з выдатнымі паштоўкамі! Са Свярдлоўскай вобласці дабралася да нас выдатная аб’ёмная работа “Вясёлы снегавік”, у сярэдзіне якой знаходзіліся партрэты нашых новых сяброў. З Ленінградскай вобласці прыйшла паштоўка з навагоднім сімвалам 2020 года — вясёлым Мышаняткам і ярка ўпрыгожанай ёлачкай. Згадзіцеся, як прыемна дарыць адно аднаму і атрымліваць напярэдадні Новага года не электронныя, а сапраўдныя паштоўкі! Нашы выхаванцы з нецярпеннем чакаюць яшчэ пасланняў з розных куткоў краіны.

Галіна АТРАШКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Круглага.