×

Навучыце дзяцей быць гаспадарамі

28.05.2019 15:40,

Усе дарослыя хочуць, каб іх дзеці былі шчаслівыя. Забываючы пра ўласныя цяжкасці, складанасці, нязручнасці, яны імкнуцца зрабіць сваіх дзяцей шчаслівымі не толькі сёння, але і на ўсё жыццё. Выхоўваюць, вучаць быць прыстойнымі, сумленнымі, добрымі... А працавітымі, ашчаднымі? Рэдкія бацькі прывіваюць сваім дзецям навыкі беражлівасці, прывучаюць да эканоміі.

Дзіця не даела кавалак хлеба, і бацькі на яго вачах выкідваюць хлеб у смеццевае вядро, засталася каша ў талерцы — туды ж. Забыўся выключыць лямпачку на кухні — бацькі самі выключаюць, нават не звернуць на гэта ўвагу свайго дзіцяці.

Вядома, што ўсё пачынаецца з дзяцінства. І беражлівае, разумнае стаўленне да рэчаў пачынаецца з выхавання арганізаванасці, акуратнасці, дысцыплінаванасці, з пачуцця асабістай адказнасці, павагі да людзей і вынікаў іх працы. Ужо сёння трэба рыхтаваць дзяцей да разумення жыцця, тых праблем і клопатаў, з якімі яны сутыкнуцца, стаўшы дарослымі.

Беражлівасць — гэта не проста звычка або ўменне не пэцкаць, не рваць, не ламаць, не выкідваць. Гэта паказчык духоўнай культуры, маральнасці. Гэтая якасць развіваецца ўвогуле з нескладанай дамашняй беражлівасці, ператвараючыся з часам у пачуццё грамадзянскай адказнасці, якой цяпер так усім не хапае. Уменне добрасумленна працаваць прывіваецца ў сям’і. Ужо з ранняга ўзросту дзеці павінны ўмець выконваць пасільную хатнюю работу, удзельнічаць у справах сям’і, мець свае абавязкі. Навучыце дзяцей весці хатнюю гаспадарку, ствараць і берагчы ў доме ўтульнасць! Гэта вельмі важна.

Часам бацькі імкнуцца агароджваць сваіх дзяцей ад клопатаў. Дзеля чаго, маўляў, рана абцяжарваць малых?! І, як вынік, дзеці лічаць, што ўсё так і быць павінна: і сняданак у школе, і абед дома, і новыя штаны наўзамен старых, і г. д. Вядома, наўрад ці трэба даводзіць дзецям тонкасці сямейнага бюджэту, але зрабіць іх адказнымі за ўсё, што датычыцца непасрэдна іх саміх, мабыць, неабходна. Дзіця павінна ведаць, што цана шакаладкі для яго і цана хлеба для ўсёй сям’і аднолькавыя, словам, трэба на канкрэтных прыкладах вучыцца параўноўваць і ацэньваць.

Бывае, што дзеці паняцця не маюць пра сапраўднае фінансавае становішча сям’і, а запыты маюць высокія. Многія з іх не ведаюць, колькі зарабляюць бацькі, не ведаюць, колькі траціцца грошай на тыя ці іншыя, прызначаныя для іх, рэчы. Дзе ўжо тут гаварыць пра беражлівае стаўленне да рэчаў, павагу да заробленых грошай?

Вельмі важна, каб дзеці ўжо цяпер задумваліся над тым, што адбываецца навокал, напрыклад, чаму па тэлебачанні нагадваюць аб неабходнасці своечасова выключаць святло і бытавыя прыборы, куды накіроўваюцца рэкі, якія выцякаюць з водаправодных кранаў.

За ўсімі гэтымі, здавалася б, бытавымі праблемамі стаіць праблема глыбока маральная. Гэта выхаванне ў юным чалавеку эканомнага, руплівага грамадзяніна, які ўмее берагчы багацці Радзімы, шанаваць тое, што створана працай чалавека.

Алена ЛАПАТКОВА,
настаўніца пачатковых класаў Лудчыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу “ дзіцячы сад — сярэдняя школа” Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.