×

Новы год без перашкод

13.12.2019 14:43,

На Быхаўшчыне праходзіць акцыя “Бяспечны Новы год” у межах Рэспубліканскай акцыі з такой жа назвай.

Інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Быхаўскага РАНС Яўгеній Дземідзенка часты госць нашага ВПК, прыйшоў ён і на гэты раз. Падарункі, усмешкі, прыўзняты настрой — галоўныя атрыбуты навагодніх дзён. У найбліжэйшы час вучняў чакаюць канікулы. У гэтым годзе яны доўгія, вялікія — часу для адпачынку, для забаў хопіць. Толькі ж нельга ў гэтыя дні забывацца на ўласную бяспеку.. 

Сутнасць акцыі “Бяспечны Новы год” заключаецца ў тым, каб нагадаць аб піратэхніцы, навагодніх феерверках, як сур’ёзнай крыніцы патэнцыяльнай небяспекі. Важны дыялог суправаджаўся актыўным удзелам вучняў, прыкладамі з жыцця, праглядам дакументальнага відэафільма пра піратэхнічныя сродкі і тую небяспеку, якую яны нясуць. Яўгеній Дземідзенка адказаў на пытанні навучэнцаў, пажадаў добра сустрэць Новы год. Спецыяліст нагадаў пра супрацьпажарную бяспеку, пра тое, як паводзіць сябе на дарозе, чаму нельга гуляць на лёдзе, як весці сябе ў мароз, як не траўміравацца, як аказаць першую медыцынскую дапамогу, якія тэлефонныя нумары трэба набіраць у выпадку неабходнасці і г. д.

Не сакрэт, што вучні расказваюць у сям’і пра школьныя падзеі. Сустрэча са спецыялістам Быхаўскага РАНС нагадае бацькам нашых вучняў пра бяспеку на навагодніх святах.

Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Макранскака ВПК д/с — СШ Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці.