×

Па чым вучыліся чытаць?..

07.06.2019 15:30,

Фарміраванне інфармацыйнай культуры малодшых школьнікаў — адна з галоўных задач навучання. Кажучы пра інфармацыйныя тэхналогіі, мы павінны памятаць, што ўменне хутка чытаць, працаваць з тэкстам, выбіраць неабходную інфармацыю і выкарыстоўваць яе застаецца галоўным і неабходным.

Не сакрэт, што чытанне перастала быць адным з любімых заняткаў дзяцей, у тым ліку і малодшых школьнікаў.

Але як зрабіць так, каб у вучняў з’явілася жаданне сябраваць з кнігай, каб кніга стала спадарожнікам і дарадцай на ўсё жыццё? На маю думку,  у гэтым настаўніку дапамагае пазакласная работа, якая не толькі замацоўвае атрыманыя веды, але і развівае пазнавальную цікавасць.

У 1 класе да Дня славянскага пісьменства і культуры было праведзена пазакласнае мерапрыемства “Гісторыя буквара”, якое праходзіла ў школьным музеі “Спадчына”. Школьны краязнаўчы музей заўсёды выклікае ў дзяцей цікавасць. Першапачаткова з дапамогай мультымедыя вучні апынуліся ў бібліятэцы ў цэнтры Лондана. Яны даведаліся, што ў свеце існуюць толькі два арыгіналы першага беларускага “Буквара”. Адзін — у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене, другі — самы лепшы — у бібліятэцы ў цэнтры Лондана. Дзеці пазнаёміліся з тым, як наш беларускі буквар трапіў за мяжу і колькі яму гадоў.

Але самым цікавым момантам стала сустрэча з кнігай, па якой у даўнія часы таксама вучыліся чытаць. Гэта “Пачаткі хрысціянскага вучэння”. Выдадзена кніга ў Санкт-Пецярбургу. Убачыць, пагартаць ды яшчэ паспрабаваць прачытаць — вось гэта сапраўды цікава…

Не меншае захапленне выклікала сустрэча з букваром 1914 года выдання. З вялікай увагай дзеці разглядалі яго старонкі. Параўноўвалі літары, чыталі словы. Вучням неабходна было вызначыць незразумелыя для іх літары, паспрабаваць напісаць іх,  запомніць.

Дакрануцца да гісторыі не проста з дапамогай камп’ютара, а патрымаць у руках, разгледзець — вось што найбольш спрыяе развіццю пазнавальнай цікавасці.

Заключны этап быў самы адказны. Кожнаму вучню неабходна было “надрукаваць” адну старонку для буквара 2019 года. Вось дзе прастора для творчай працы! А з якім захапленнем дзеці працавалі над стварэннем новага буквара!

Напрыканцы мерапрыемства была праведзена гульня “Жывая кніга”. Кожны вучань прэзентаваў сваю старонку.

Святлана ПЯЧКОЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў Мішнеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.