×

Па старонках гісторыі з метэорам

07.09.2019 12:16,

Што такое Радзіма? У гэтым слове — ляжыць велізарны сэнс для кожнага чалавека. Гэта месца, дзе мы нарадзіліся і выраслі, гэта месца, дзе прайшлі нашы самыя лепшыя дні. У кожнага чалавека ёсць свае ўспаміны пра месца, дзе прайшло яго дзяцінства, і не важна, горад гэта ці маленькая вёска, бо ўсе месцы нашай краіны маляўнічыя і прыгожыя. У кожнага мястэчка нашай роднай зямлі ёсць свая гісторыя. Радзіму, як і бацькоў, мы не выбіраем, яна назаўсёды застаецца цёплым успамінам у нашых сэрцах.

Я доўга думала пра тое, як цікава і захапляюча расказаць дзецям аб прыгажосці нашай Радзімы, аб яе гістарычным мінулым і вядомых людзях. Бо ў кожным, няхай нават самым маленькім куточку нашай роднай краіны ёсць свая гісторыя і славутасці. У маі гэтага года ў мяне нарадзілася незвычайная ідэя — стварыць цікавы праект аб прыгожых месцах нашай роднай краіны, аб кожным мястэчку нашай Магілёўшчыны, і зрабіць я гэта вырашыла пры дапамозе казачнага героя — ката-апавядальніка Метэора. Дзяцей зацікавіў не толькі чароўны герой, але і сам праект. Ім з радасцю хацелася слухаць пазнавальныя гісторыі, дзякуючы якім у дзіцячых сэрцах загарэўся агонь гордасці за сваю краіну.

Наш праект пачынаўся з кранальнай гісторыі, якую кот-пажарны Метэор расказвае маленькаму Агеньчыку, з якога смяюцца сябры, таму што яны з горада, а Агеньчык — маленькае вясковае кацяня. Метэор абдымае Агеньчыка і расказвае яму гісторыю свайго жыцця і пра ролю Радзімы ў яго лёсе. Метэор нарадзіўся ў вялікім горадзе на Дняпры з гордай назвай Магілёў. Ён ганарыўся родным горадам, яго багатай гісторыяй і славутасцямі. Але ў яго сэрцы жыў яшчэ адзін родны куток — вёсачка пад назвай Марозаўка, дзе жыла бабуля нашага чароўнага героя. Успаміны пра дзяцінства ў Метэора былі самыя прыемныя: начныя вячоркі каля вогнішча, рыбалка, гульні з сябрамі. Нашаму герою вельмі падабалася любавацца прыродай, бо ў яго любімай Марозаўцы былі вельмі маляўнічыя лясы і лугі. Па расказах бабулі, Метэор шмат даведаўся пра іх родны край. Многа гадоў назад іх вёскі Марозаўкі не было. У вёсцы Будзіна жыла адна сям’я, і прозвішча іх было Марозавы, яны займаліся разьбой па дрэве. Іх прозвішча стала вядомае на ўсю Магілёўшчыну. Недалёка да вёскі Будзіна яны пабудавалі вялікі дом і сталі першымі жыхарамі новага населенага пункта, які атрымаў назву Марозаўка, па прозвішчы першых пасяленцаў. Так і ўзнікла вёска Марозаўка — малая радзіма нашага героя. Яна існуе і сёння, размяшчаючыся паміж вёскай Будзіна і аграгарадком Радомля. Рамяство разьбы па дрэве не было забыта, а стала візітнай карткай Марозаўкі. Вырабы марозаўскіх майстроў вядомыя па ўсёй Беларусі.

Юны Агеньчык быў уражаны расказам старэйшага сябра. Ён пайшоў у бібліятэку, знайшоў шмат цікавых фактаў пра сваю Радзіму і расказаў іх тым, хто з яго смяяўся. Пасля гэтага ён з гордасцю гаворыць пра месца, дзе нарадзіўся.

Дзецям вельмі спадабалася гісторыя Метэора, і яны пачалі сачыняць свае гісторыі пра родныя краі, дзе нарадзіліся іх мамы і таты, бабулі і дзядулі, у якіх галоўным героем стаў кот-падарожнік Метэор. Ад сваіх бацькоў дзеці пачулі шмат цікавых гісторый пра месцы, дзе нарадзіліся яны, а таксама іх бабулі і дзядулі, пра традыцыі і звычаі іх малой радзімы. Дзеці з радасцю малявалі прасторы нашай краіны і незвычайнага героя Метэора, які падарожнічае па месцах, дзе нарадзіліся яны самі і іх родныя. Чароўны кот знаёміцца з гісторыяй, знакамітымі людзьмі і прыродай. Паступова пачаў нараджацца зборнік апавяданняў з расказам ад ката-пажарнага Метэора, які падарожнічае і расказвае пра маленькія і прыгожыя месцы нашай роднай зямлі. А самае каштоўнае, што гэты зборнік апавяданняў створаны мной разам з дзецьмі.

У нашым аб’яднанні па інтарэсах займаюцца ў асноўным дзеці дашкольнага ўзросту і малодшыя школьнікі. Ім настолькі спадабаўся пушысты герой, што ніводныя заняткі не абыходзяцца без нашага любімага госця. Дзеці з радасцю дзеляцца гісторыямі пра малую радзіму, якія ім расказалі родныя і блізкія. Па матывах гэтых гісторый яны сачыняюць свае з катом-падарожнікам у галоўнай ролі.

Гэта аказаўся адзін з самых паспяховых спосабаў расказаць малышам пра нашы родныя прасторы. Кожнае дзіця верыць у казку, і самае вясёлае і незвычайнае для дзяцей — пазнаваць свет разам з казачнымі героямі. Асабліва наш праект спадабаўся дзецям-дашкольнікам, бо старэйшыя дзеці ствараюць для іх самы сапраўдны мультфільм пра нашу родную краіну. Старэйшыя дапамагаюць малодшым і робяць для іх цуды. А малышы ў сваю чаргу дапамагаюць старэйшым, ствараючы малюнкі да казак. Наша творчасць аб’яднала малышоў і больш дарослых дзяцей, бо самае галоўнае — гэта сяброўства, узаемадапамога і вера ў свае сілы.

Уладзіслава ПАБРЫЗГАЕВА,
педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва.