×

Пабачыць Оршу — і вярнуцца

09.01.2020 12:24,

Напярэдадні Калядаў навучэнцы Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна адправіліся з экскурсіяй у Оршу. У планах было наведванне Свята-Успенскага жаночага манастыра, дзе захоўваецца святыня — Аршанская ікона Багародзіцы, а таксама мемарыяльнага комплексу “Кацюша”.

Апошнім часам людзі часта блытаюць тэрміны “месца баявой славы” і “месца ваеннага пахавання”. Дык вось мемарыяльны комплекс “Кацюша” — гэта менавіта месца баявой славы нашых Узброеных Сіл у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мемарыяльны комплекс “Кацюша” (афіцыйная назва “За нашу Савецкую Радзіму!”) з’явіўся ў 1966 годзе на высокім маляўнічым беразе Дняпра ў гонар 25-годдзя першага залпу “Кацюшы”, які быў ажыццёўлены 14 ліпеня 1941 года пад камандаваннем І.А.Флёрава пад Оршай. Сістэма залпавага агню наводзіла страх і паніку на ворага.

Пасля мемарыяльнага комплексу група накіравалася ў Свята-Успенскі жаночы манастыр. Галоўнай адметнасцю манастыра з’яўляецца цудатворны абраз Багародзіцы “Аршанская”.

Экскурсія была досыць складаная, паколькі пачалася са збораў у 5 гадзін раніцы на чыгуначнай станцыі Верамейкі. Далей 4 гадзіны дарогі ў адзін бок з перасадкай у Магілёве. Гэтак жа назад. У Оршы дзеці пераадолелі пешшу 14,5 км. Орша вельмі прыгожы і сучасны горад з вялікай колькасцю гістарычных месцаў і славутасцяў. Гэтым разам мы не паспелі наведаць помнік Канстанціна Заслонава, Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр, Курган бессмяротнасці. Таму ёсць нагода для наступнай паездкі!

Сяргей ЛУКАШЭНКА,
настаўнік Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна.