×

Пабудаваць маршрут з дапамогай праектнай задачы

10.03.2020 11:16,

Вырашыць сучасныя педагагічныя задачы, развіць новыя якасці асобы малодшага школьніка ў рамках асобных вучэбных дысцыплін дапамагаюць урокі праектных задач.

У сярэдняй школе № 2 Мсціслава прай­шло раённае аб’яднанне “Актывізацыя вучэбнай дзейнасці навучэнцаў пачатковых класаў па авалоданні прадметнымі і метапрадметнымі кампетэнцыямі”. З настаўнікамі пачатковых класаў быў праведзены міжпрадметны выніковы ўрок праектных задач “Выбіраем экскурсію “Мсціслаў — беларускі Суздаль”.

Урок праводзіў­ся па матэматыцы і рускай мове, складаўся з трох этапаў. Усе заданні ўрока былі звязаны адным сюжэтам пра малую радзіму — горад Мсціслаў. На першым этапе аналізу прапаноўвалася апісанне канкрэтна-практычнай праблемнай сітуацыі: навучэнцы МБУА “Сярэдняя школа № 1 горада Суздаля” напісалі пісьмо, у якім пыталіся: “Чаму Мсціслаў называюць беларускім Суздалем?”. Яны прасілі падабраць ім цікавы турыстычны маршрут па Мсціславе. Прысутныя паставілі перад сабой праектную задачу — дапамагчы выбраць цікавы маршрут экскурсійнай паездкі. Для яе вырашэння неабходна было даведацца, што цікавага можна ўбачыць падчас экскурсіі і колькі яна каштуе.

На другім этапе мадэлявання ўдзельнікі ўрока працавалі ў групах над маршрутамі “Жывая гісторыя старажытнага Мсціслава” і “Мой край Мсціслаўскі”. Кожнай групе неабходна было працаваць з інфармацыяй: з пяці прапанаваных тэкстаў і фотаздымкаў гістарычных аб’ектаў горада скласці кароткі стэндавы даклад пра славутасці, аформіць на лісце ватмана. Расказ павінен быць цікавым, каб турыстам захацелася выбраць гэты маршрут.

Групы педагогаў да выканання гэтага задання падышлі творча. У другім заданні давалася інфармацыя пра помнік, які ў Мсціславе з’яўляецца адным з галоўных, — езуіцкі калегіум. Неабходна было вылічыць плошчы касцёла, дваровых будынкаў, вежы са званіцай, аптэкі. У трэцім заданні групам прапаноўваліся прайс-лісты сваіх паслуг — экскурсій па Мсціславе. Трэба было вызначыць кошт экскурсіі на ўсю групу турыстаў і на аднаго чалавека, перавесці па курсе валют у беларускія рублі і знайсці адлегласць, якую пераадолеюць турысты, паміж Мсціславам і Суздалем у два бакі. На этапе сінтэзу ўдзельнікі ўрока прэзентавалі свае работы, зноў вярнуліся да пастаўленай у пачатку ўрока праектнай задачы, успомнілі, як дзейнічалі, каб рашыць гэтую задачу.

У працэсе гэтага ўрока фарміруецца ўменне падбіраць і прымяняць неабходныя сродкі для дасягнення пастаўленай мэты. З мноства матэматычных спосабаў дзеянняў удзельнікі выбіралі неабходныя з лікамі і прымянялі іх у нестандартнай сітуацыі — для вызначэння кошту экскурсійнай паездкі.

Урокі па рашэнні праектных задач дазваляюць суаднесці мэту і сродкі, перанесці і прымяніць выпрацаваныя ўменні і навыкі на іншы від дзейнасці, што спрыяе авалоданню ўніверсальнымі спосабамі дзейнасці. У выніку правядзення такога тыпу ўрокаў у школьнікаў фарміруюцца творчыя здольнасці. Паглыбляючыся ў праблему і рашаючы праектную задачу, школьнікі не абмяжоўваюцца рамкамі звычайнага вучэбнага задання, яны вольныя прыдумваць, фантазіраваць. Такія задачы падтрымліваюць дзіцячую індывідуальнасць, даюць магчымасць апрабавання розных шляхоў рашэння задач. Яны дапамагаюць скласціся вучэбнай суполцы, паколькі вучаць дзяцей бачыць і чуць адно аднаго.

Наталля ЧЫЖ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Мсціслава.