×

Падарожжа да вострава Скарбаў

05.03.2019 15:50,

Пад такой назвай адбылося інклюзіўнае спартыўна-пазнавальнае мерапрыемства з удзелам навучэнцаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Глуска, Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з АПФР і навучэнцаў старшых класаў сярэдняй школы № 2 Глуска. Месца правядзення мерапрыемства выбрана нездарма: сярэдняя школа № 2 з’яўляецца апорнай установай адукацыі па арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання.

Падчас мерапрыемства рэалізаваны важныя задачы: развіццё рухальнай актыўнасці; павышэнне цікавасці да актыўнага і здаровага ладу жыцця; выхаванне пачуцця калектывізму, таварыства, узаемадапамогі. Конкурсы і эстафеты падабраны такім чынам, каб навучэнцы з АПФР былі такія ж паспяховыя, як і іх здаровыя аднагодкі.

Тры каманды (“Дэльфіны”, “Якар” і “Ветразь”) па-сапраўднаму адчулі сябе юнгамі, якія адправіліся ў марское падарожжа. Банданы і эмблемы сталі знакамі адрознення паміж камандамі. Удзельнікі павінны былі “драіць палубу”, пераадольваць “рыфы”, лавіць рыбу, ваяваць з піратамі, пераплываць “на шлюпках” і інш. Каб палегчыць фізічную нагрузку, у праграму ўключычлі конкурсы: юнгам было прапанавана выявіць сваю кемлівасць пры выкананні тэставых заданняў на марскую тэматыку (успомніць назву і аўтара казак, у якіх ёсць словы пра мора).

Капітанам каманд трэба было расшыфраваць ліст з бутэлькі, якую нібыта прыбіла да борта іх карабля. Актыўныя балельшчыкі зараблялі дадатковыя балы сваёй камандзе, узяўшы ўдзел у віктарыне па геаграфіі, якая выявіла ўменне ў завязванні марскіх вузлоў. У фінальным конкурсе ўдзельнікі павінны былі загрузіць скарбы з вострава, да якога каманды паспяхова “даплылі”, пераадолеўшы мноства перашкод. І якое ж марское вандраванне без знакамітага танца “Яблычак”, які ацэньваўся членамi журы за крэатыўнасць выканання?

Атрымалася сапраўднае спартыўнае свята, падчас якога капітаны так умела і мудра вялі свае каманды да пастаўленай мэты, што зусім страцілася паняцце асаблівых дзяцей. А менавіта такое галоўнае заданне ставілі перад сабой педагогі ЦКРНіР Глуска. Навучэнцы ЦКРНіР Глуска і Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з АПФР пашырылі сферу сацыяльнага ўзаемадзеяння, пасябравалі са школьнікамі і атрымалі мноства новых прыемных уражанняў. А навучэнцы сярэдняй школы № 2 Глуска выявілі свае самыя лепшыя чалавечыя якасці, дзякуючы якім дзеці з інваліднасцю не адчувалі сябе “іншымі”, “асаблівымі”.

Валянціна ЕРМАЛОВІЧ,
выхавальніца Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Глуска.