×

Падарыць радасць іншаму

25.02.2019 12:38,

У канцы 2018 года часопіс “Юны ратавальнік” аб’явіў конкурс пра Добрага Чараўніка. Трэба было напісаць ліст у рэдакцыю часопіса і расказаць пра чалавека, якому хацелася б зрабіць падарунак.

Навучэнка нашай установы Яна Цітова вырашыла прыняць удзел у гэтым конкурсе і напісала ліст аб хлопчыку, які жыве побач з ёй. Віталю 9 гадоў. Ён інвалід з дзяцінства, навучаецца дома, але, нягледзячы на гэта, вельмі вясёлы, адкрыты, камунікатыўны. Гэты аповед так крануў рэдакцыю, што было прынята рашэнне не проста прызнаць ліст самым цікавым, самым лепшым, але і асабіста ўручыць прызы Яне і Віталіку. Наша Яна жыве ў суседнім Талачынскім раёне ў вёсцы Гліннікі, там жа — і Віталь. Таму само свята з гульнямі, конкурсамі і забавамі, а таксама ўручэнне падарункаў прайшло ў сярэдняй школе № 2 Талачына.

Яна, вядома ж, спадзявалася на перамогу, бо яе ліст быў шчыры і кранальны. А яшчэ яна вельмі хацела свята для Віталіка. Але і не чакала, што разам з хлопчыкам яны трапяць на сапраўднае вясёлае свята.

Таццяна АНТАНЮК,
настаўніца Кручанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці.