×

Падтрымка маладых педагогаў у прыярытэце

28.01.2020 13:49,

Любы малады спецыяліст, пачынаючы свой прафесійны шлях, сутыкаецца з праблемамі з-­за адсутнасці неабходнага вопыту. Пры гэтым станаўленне настаўніка праходзіць цяжэй, чым у прадстаўнікоў іншых прафесій, бо выніку ад сваёй працы чакае не толькі сам педагог, але і яго вучні, бацькі. Менавіта таму маладым настаўнікам у перыяд прафесійнага станаўлення вельмі важная маральная і метадычная дапамога.

На Магілёўшчыне падтрымліва­юць маладых педагогаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца іх прафесійнаму развіццю. Багаты вопыт работы з маладымі спецыялістамі назапашаны ў Горацкім раёне. 

— Сучасным установам адукацыі патрэбны маладыя, ініцыятыўныя, творчыя педагогі. Мы стараемся стымуля­ваць, заахвочваць пачынаючых настаўнікаў. Вельмі важна, каб яны імкнуліся працаваць плённа, дасягаць прафесійных вышынь, — адзначыла загадчыца раённага метадычнага кабінета А.А.Навумава.

Выпускнікоў педагагічных універсі­тэтаў, якія толькі рыхтуюцца акунуцца ў працоўнае жыццё, у Горках сустракаюць з асаблівай цеплынёй і ўрачыстасцю. Ім прадастаўляюць добраўпарадкаванае жыллё, дапамагаюць наладзіць побыт. Падчас жнівеньскіх канферэнцый маладых спецыялістаў, якія прыбылі ў раён, урачыста прадстаўляюць кіраўніцтву райвыканкама, мясцоваму настаўніцтву, а таксама знаёмяць з калектывамі школ, у якіх ім давядзецца пачынаць педагагічны шлях.

Адпаведную ўвагу маладым педагогам удзяляюць і ва ўстановах адукацыі, якія сталі месцам іх размеркавання. Кіраўніцтва горацкіх навучальных устаноў стараецца зразумець, якая дапамога патрабуецца кожнаму з маладых настаўнікаў, як рацыянальна выкарыстоўваць іх здольнасці. Пачынаючых настаўнікаў знаёмяць з метадычнымі матэрыяламі, патрэбнай у рабоце дакументацыяй, асноўнымі патрабаваннямі па яе вядзенні. Акрамя таго, маладыя педагогі атрымліваюць ад больш вопытных калег канкрэтныя парады і рэкамендацыі па правядзенні заняткаў.

Падобная падтрымка вельмі дапамагае маладым спецыялістам першыя часы. Аднак у ходзе далейшай працы ў іх перыядычна могуць узнікаць цяжкасці. На іх вырашэнне накіравана школа маладога педагога, якая дзейнічае пры раённым вучэбна­-метадычным кабінеце. Метадычнае фарміраванне функцыянуе не адно дзесяцігоддзе, і за гэты час неаднойчы пацвердзіла сваю значнасць і неабходнасць.

— Школа маладога педагога дапамагае прайсці этап першапачатковага асваення спецыяльнасці, новых функцыянальных абавязкаў з мінімальнымі псіхалагічнымі цяжкасцямі, стварае ўмовы для максімальна хуткага ўключэння маладых педагогаў у адукацыйны працэс. Дапамагаем пачынаючым педагогам спалучыць тэарэтычныя веды і метадычнае майстэрства,— расказала А.А.Навумава.

Па яе словах, маладых настаўнікаў усебакова падтрымліваюць у прафесійным станаўленні. Для іх пастаянна праводзяцца майстар­класы, круглыя сталы, прэзентацыі вопыту, адкрытыя ўрокі, навучальныя семінары. 

Адметна, што і пасля таго, як маладыя настаўнікі асвойваюцца ў калектыве, метадысты працягваюць аказваць ім дапамогу. Раён цесна супрацоўнічае з Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі. Такая падтрымка матывуе маладых педагогаў на прафесійны рост і адточванне педагагічнага майстэрства. 

— Нашы маладыя педагогі поўныя запалу, ідэй, імкненняў, ім падуладна ўсё: даць адкрыты ўрок, падрыхтаваць даклад, выступіць з дзецьмі на сцэне, паў­дзельнічаць у конкурсе. Вядома, не заўсёды хапае вопыту і прафесіяналізму. Аднак імкненне і жаданне зрабіць нешта асаблівае для вучняў, напоўніць іх і сваё жыццё яркімі фарбамі дапамагаюць ім пераадолець усе цяжкасці. Лепшы прыклад гэтага — маладыя педагогі сярэдняй школы № 4 Горак: настаўнік гісторыі Віктар Сяргеевіч Бяляеў і настаўнік хіміі і біялогіі Уладзіслаў Ігаравіч Глушцоў. Абодва маладыя спецыялісты вярнуліся выкла­даць у родную школу. Абодва працу­юць па прынцыпе “тварыць, спрабаваць, развівацца”. Такі падыход да работы ў сукупнасці з падтрымкай старэйшых калег дапамагае ім дася­гаць прафесійных вышынь. Гэтыя педагогі ўмеюць ставіць перад сабой мэты і дасягаць выніку. І Віктар Сяргеевіч, і Ула­дзіслаў Ігаравіч — прызёры педагагічных фестываляў. Іх навучэнцы — дыпламанты другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па адпаведных прадметах. І важна, што такіх маладых настаўнікаў у нас шмат, — адзначыла А.А.Навумава.

Пра эфектыўнасць работы з маладымі спецыялістамі сведчыць і іх замацаванне ў раёне. Пасля заканчэння тэрміну размеркавання на сваім першым працоўным месцы працягваюць выкладаць звыш 80% настаўнікаў. Зараз у мясцовых навучальных установах працуюць 20 маладых педагогаў. Тут спадзяюцца, што яны таксама будуць вернымі прафесіі і застануцца працаваць у раёне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены Горацкім раённым вучэбна­-метадычным кабінетам.