×

Памятаем пра цану шчасця!

21.05.2019 14:52,

Што ведаюць пра Вялікую Айчынную вайну малодшыя школьнікі? Чуюць пра вайну па тэлебачанні, разглядаюць карцінкі ў кнігах, медалі сваіх прадзедаў, слухаюць песні ваенных гадоў. З бацькамі наведваюць Курган Славы, дораць кветкі ветэранам, ускладаюць іх да помнікаў і абеліскаў. Напярэдадні 74-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў навучэнцы 3 “Б” класа гімназіі Мсціслава прадставілі праект “Я памятаю і ганаруся”.

У рамках рэалізацыі праекта малодшыя школьнікі не толькі пазнаёміліся з гістарычнымі фактамі часоў Вялікай Айчыннай вайны, з жыццём у ваенны час, але і навучыліся знаходзіць інфармацыю пра сваіх родных — ветэранаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўляць яе аднагодкам. Пачуццё гонару за сваіх прадзядуль і прабабуль перапаўняла дзіцячыя сэрцы.

Праектная дзейнасць ажыццяўлялася паэтапна. Навучэнцам і іх бацькам было прапанавана прыняць удзел у сеткавым праекце “Я памятаю і ганаруся”. Аўтар — настаўнік інфарматыкі Сяргей Аляксандравіч Кальцоў. У чым заключаецца праца, тлумачылі, абапіраючыся на фатаграфіі з сямейнага альбома Строгіх-Шарылавых і апавяданні пра баявы шлях маіх дзядоў, дзядоў майго мужа. Трэцякласнікі актыўна ўключыліся ў працу. Так з’явіліся старонкі пра Мацвея Архіпавіча Курачкіна (аўтар Аляксандр Лівановіч), Міхаіла Ягоравіча і Піліпа Ягоравіча Крываруцкіх (аўтар Мікіта Мішчанка), Рыгора Сцяпанавіча Пруднікава (аўтар Ніка Мацвеенка), Аляксандра Васільевіча Шэндалева (аўтар Юлія Селіванава), Уладзіміра Антонавіча Глушакова (аўтар Ягор Марозаў).

Быў аформлены альбом “1941—1945. Мы памятаем!” аб прадзедах i прабабулях трэцякласнікаў. Старонкі гэтага альбома прадстаўлялі на класнай гадзіне (у форме вуснага часопіса) праўнукі тых, хто падарыў нам Перамогу, светлае і мірнае неба. Творы розных жанраў і аўтараў былі прадстаўлены на выстаўцы кніг пра вайну, арганізаванай у класе.

Дзіцячыя малюнкі і плакаты (гэта яшчэ адзін з этапаў праекта) служылі добраму настрою: “Няхай заўсёды будзе сонца!”, “Няхай заўсёды будзе неба!”, “Няхай заўсёды будзе мама!”, “Не вайне!”, “Міру — мір!”, “Памятаем, якім коштам заваяванае шчасце!”, “Я памятаю, я ганаруся!”.

Творчую працу “Вечны агонь” прадставіў Максім Качала. Полымя ў выглядзе дзіцячых далонек — гэта ПАМЯЦЬ, гэта МІР, гэта ЛЮБОЎ, гэта ВЕРА, гэта НАДЗЕЯ. Завяршылася работа над праектам экскурсіяй на Курган Славы.

Іна ШАРЫЛАВА,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі Мсціслава.