×

Пара збірацца ў школу

06.08.2019 11:41,

Пачаўся апошні летні месяц. І калі дзеці яшчэ не зусім задумваюцца пра хуткае наступленне школьных будняў, то бацькі ўжо ва ўсю даследуюць розныя магазіны, заклапочана падлічваючы, у колькі ім абыдуцца зборы школьніка да чарговага навучальнага года. Большасць магілёўскіх мам і татаў пачынае збіраць дзяцей у школу загадзя. Добрая магчымасць зрабіць гэта хутка і якасна прадастаўляецца бацькам на школьных базарах.

Cёлета па вобласці школьныя базары пачалі дзейнічаць з першага жніўня. Зараз працуюць звыш 70 школьных кірмашоў. На іх можна набыць усё неабходнае для вучняў. Прадстаўленая прадукцыя дазваляе падрыхтаваць да школы як самых маленькіх — першакласнікаў, так і старшакласнікаў. Тут прапану­юць розныя тавары, неабходныя для падрыхтоўкі да новага навучальнага года, — ад канцылярскіх прылад і ранцаў, да адзення дзелавога стылю і спартыўнага абутку.

Для больш патрабавальных бацькоў у абласным цэнтры і раённых гарадах арганізавана работа адпаведных ганд­лёвых кропак, а ў магазінах створаны спецыяльныя куткі для першакласнікаў і школьнікаў. Асартымент тавараў і на школьных базарах, і ў магазінах будзе шырокі, ажыятажу або дэфіцыту не прадбачыцца.

Адметна, што для мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў у рэгіёне прадугледзелі матэрыяльную падтрымку ў падрыхтоўцы да школы. Каб зборы сталі больш таннымі для сямейнага бюджэту, шэраг скідак прапануюць аб’екты гандлю. На працягу жніўня будуць прадугледжаны разнастайныя акцыі, якія дазволяць купіць школьныя тавары па выгаднай цане. Акрамя таго, гандлёвыя кропкі прапануюць разнастайныя растэрміноўкі плацяжу. Усё гэта, несумненна, дапаможа бацькам паўнавартасна падрыхтаваць сваіх дзяцей да новага навучальнага года.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.