×

Парасткі дабрыні

15.03.2019 14:55,

Напярэдадні першага свята вясны — Міжнароднага дня 8 Сакавіка, — у сярэдняй школе № 2 Магілёва адбылася знамянальная падзея. Член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Міхаіл Максімаў правёў майстар-клас па жывапісе акрылам “Парасткі дабрыні” для вучняў нашай школы.

Майстар жывапісу Міхаіл Віктаравіч шчодра дзяліўся сакрэтамі мастацтва. З захапленнем юныя мастакі ўпершыню на палатне малявалі першыя вясновыя кветкі. У вялікай зале панавала атмасфера ўрачыстасці творчасці, мастацтва. Работы атрымаліся па-вясноваму яркія, маляўнічыя. Міхаіл Віктаравіч удзяліў увагу кожнаму вучню, даў парады ў творчасці, указаў на вартасці ў кожным эцюде. Завяршылася свята ўручэннем навучэнцам падарункаў і дыпломаў удзельніка майстар-класа.

З 2018 года наша школа мае статус “школы свету”. Установа актыўна супрацоўнічае з мастацкім ліцэем горада Супрасль Рэспублікі Польшча, з нямецкай арганізацыяй “Фонд дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад Чарнобыля”. У 2018 годзе некалькі работ былі перададзены ў дар дзіцячаму паліятыўнаму цэнтру для афармлення інтэр’ера.

Жывапісныя работы, створаныя сёння навучэнцамі на творчай сустрэчы з мастаком, школа перадасць у дар сацыяльнаму цэнтру па абслугоўванні насельніцтва і Дому дзіцяці.

Самы галоўны набытак нашай Рэспублікі — людзі. Яны жывуць адзінай сям’ёй і ўсе разам прыкладаюць намаганні для таго, каб краіна квітнела. Трэба, каб кожны ўносіў уклад у росквіт нашай Радзімы!

Ларыса ЯКАЎЛЕВА,
настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 2 Магілёва.