×

Пераднавагоднія цуды ад Дзеда Мароза

13.12.2019 16:01,

Усе мы з ранняга дзяцінства ўжо прывыклі, што з навагоднімі святамі да нас у дом прыходзіць Дзед Мароз. Ён дорыць падарункі, аб якіх мы марылі цэлы год. Але ёсць адзін дзень у годзе, калі віншаванні прымае сам Дзед Мароз. 

У сярэдняй групе ясляў-сада № 2 Круглага гэты дзень прайшоў незвычайна. Да выхаванцаў у госці прыйшоў Дзядуля Мароз, і яны павіншавалі яго з днём нараджэння! Разам з ім танцавалі, спявалі песні, расказвалі вершы і гулялі. У канцы сустрэчы дзеці пажадалі госцю моцнага здароўя, гладкай дарогі, верных і надзейных сяброў і памочнікаў і, вядома ж, падарылі імянінніку падарункі — рознакаляровыя рукавічкі, зробленыя сваімі рукамі. А Дзядуля Мароз пакінуў у групе паштовую скрыню, каб дзеці пісалі яму лісты з пажаданнямі, якія ён абавязкова выканае ў навагоднюю ноч.

  У завяршэнні дня кожнае дзіця намалявала свайго Дзеда Мароза. Ну, а сюрпрызы ад самага любімага навагодняга героя на гэтым не скончыліся. Аднойчы сярод цацак дзяўчынкі і хлопчыкі знайшлі ліст, у якім Дзед Мароз нагадаў, што чакае лістоў ад дзяцей. У дзень заказаў падарункаў і напісання лістоў Дзеду Марозу выхаванцы далучыліся да выдатнай навагодняй традыцыі. А паколькі пісаць яны яшчэ не ўмеюць, то адлюстравалі свае пажаданні ў малюнках. 

Малюнкі атрымаліся цікавыя, яркія і жывыя. Калі ўсё было гатова, дзеці расказалі аб сваіх жаданнях адно аднаму. Вельмі ўразіла ўсіх тое, што адзін з хлапчукоў пажадаў, каб Дзед Мароз падарыў ляльку старэйшай сястрычцы, а для сябе нічога не папрасіў.  Свае лісты з пажаданнямі дзеці апусцілі ў паштовую скрыню, падораную Дзедам Марозам. Нам засталося толькі чакаць, калі Дзед Мароз забярэ ўсе лісты і спраўдзіць запаветныя жаданні дзяцей.

З вялікай радасцю і нецярпеннем дзеці і дарослыя  чакаюць сустрэчы са сваім любімым героем. А чараўніцтва пераднавагодняй пары і зімовага свята, несумненна, адкладзецца ў памяці нашых выхаванцаў і забяспечыць радаснымі ўспамінамі на ўвесь год, а то і на ўсё жыццё.

 

Наталля КАВАЛЕНКА,
выхавальніца ясляў-сада № 2 Круглага.