×

Перамогі юных талентаў

03.06.2019 14:40,

Магілёўскія школьнікі выдатна выступілі на конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”. Прадстаўнікі каманды рэгіёна адзначаны шматлікімі пераможнымі і спецыяльнымі дыпломамі.

— Сёлета ў конкурсе прымала ўдзел сем каманд з Беларусі і пятнаццаць каманд федэральных адміністрацыйных акруг Расіі. Свае работы юныя таленты дэманстравалі ў разнастайных тэматычных секцыях: “Тэхнічнае мадэляванне”, “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка”, “Навуковыя даследаванні, эксперымент, энергазберагальныя тэхналогіі”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Праграмаванне і вылічальная тэхніка”, “Астраномія і касманаўтыка” і іншых, — расказала загадчыца навукова-тэхнічнага аддзела абласнога цэнтра творчасці А.Ц.Самсонава.

Нягледзячы на істотную канку­рэнцыю, магілёўскія навучэнцы змаг­лі дасягнуць перамогі ў розных секцыях. Так, дыпломаў I ступені ўдастоены навучэнец Шматпрофільнага цэнт­ра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва ­Рыгор Рэзнікаў, вучаніца гімназіі Глуска Соф’я Сяргеева, навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Кацярына Калмыкова і вучань ясляў-сада — сярэдняй школы № 44 Магілёва Уладзіслаў Балакшын.

— Тры навучэнцы ўзнагаро­джаны дыпломамі III ступені. Яшчэ пяць ­удзельнікаў нашай каманды былі адзначаны спецыяльнымі дыпломамі за навукова-даследчае вывучэнне і творчае развіццё навукова-тэхнічнай творчасці, астраноміі і касманаўтыкі, — паведаміла А.Ц.Самсонава.

Конкурс “Таленты XXI стагоддзя” праводзіцца з мэтай пашырэння беларуска-расійскага інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, выяўлення і падтрымкі адораных дзяцей, развіцця ў іх цікавасці да інжынерна-тэхнічных прафесій і даследчай дзейнасці. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Мі­ністэрства асветы Расійскай Федэ­рацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным цэнтрам творчасці.