×

Першыя крокі ў вялікі свет прыроды

10.03.2020 11:07,

Пра важнасць экалагічнага выхавання сказана ўжо шмат. Псіхолагамі і педагогамі даказана, што дзяцінства дашкольніка — гэта менавіта той перыяд, калі закладваюцца асновы светапогляду маленькага чалавека — стаўленне да навакольнага свету, да сябе і да іншых людзей. Таму так важна растлумачыць дзецям узаемасувязь усіх працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе.

Зыходзячы з таго, што прырода — найважнейшы сродак для ўсебаковага развіцця дзяцей, з мэтай фарміравання ў малышоў экалагічных перакананняў і матываў паводзін, педагогамі нашай дашкольнай установы арганізуюцца разнастайныя віды дзейнасці непасрэдна ў прыродным асяроддзі.

Наш садок размяшчаецца на добраўпарадкаванай тэрыторыі. Яна мае дастаткова аб’ектаў для правядзення эколага-аздараўленчай работы і вывучэння. Бачыць прыроду і яе разнастайнасць у натуральных умовах, атрымліваць яркія і жывыя веды пра яе дапамагае экалагічная сцяжынка. Яна робіць больш цікавымі, эфектыўнымі і карыснымі для здароўя звычайныя прагулкі з дзецьмі на свежым паветры. Перш за ўсё ўвага ўдзелена дрэвам і кустам розных відаў і рознага ўзросту, якія маюць незвычайную форму. Нават стары пень, пакрыты мохам, — выдатны аб’ект для назіранняў. Можна разгледзець яго паверхню пры дапамозе лупы. Такое дрэва — цудоўны прытулак для многіх насякомых, смаўжоў. Прыгожа цвітучыя расліны высаджваюць такім чынам, каб на працягу года адны кветкі змянялі іншыя, — ствараецца своеасаблівая “няспынна цвітучая” клумба.

Педагогі сада размясцілі на экалагічнай сцяжынцы агарод. Каб выклікаць цікавасць да працы і даследаванняў на агародзе, быў аформлены своеасаблівы “сельскі” куток — вясковы падворак. Разам з выхавальнікамі малышы садзяць агародныя культуры, даглядаюць расліны і збіраюць ураджай.

Каб складаць уласныя прагнозы надвор’я, на тэрыторыі сада зрабілі цікавую метэапляцоўку. Самыя важныя яе элементы — два тэрмометры. Адзін размешчаны пад навесам, абаронены ад сонечных промняў. Другі прымацаваны побач, але пад прамымі сонечнымі промнямі. Такім чынам дзеці даведваюцца аб тэмпературы паветра на сонцы і ў цені. На метэапляцоўцы знаходзіцца флюгер для вызначэння кірунку і сілы ветру, тут жа размешчаны і дажджамер для вымярэння колькасці ападкаў, які зроблены з вялікай пластыкавай бутэлькі. Асаблівасць гэтага прыстасавання ў тым, што яно зроблена з адходаў.

На адным з прыпынкаў экалагічнай сцяжынкі размешчана “зялёная аптэка”, якая адлюстроўвае вялікую разнастайнасць лекавых раслін. Тут растуць мята перцавая, меліса, календула лекавая, валяр’яна і г.д. Дзеці назіраюць за раслінамі, запамінаюць іх назвы, даведваюцца аб лекавых уласцівасцях. Даследуюць форму, колер, памер, пах лісця і кветак, збіраюць іх насенне, а таксама тыя часткі раслін, якія выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб. На паляне малышы быццам трапляюць на пчальнік. Цікавасць для іх уяўляюць зробленыя сумесна з бацькамі пчаліныя хаткі — вуллі.

На экалагічнай сцяжынцы выхаванцаў сустракаюць расліны-гадзіннікі і расліны-барометры: цюльпаны, фіялкі, касачы і іншыя кветкі. Перад дажджом або ў вячэрні час яны закрываюцца і становяцца вільготнымі, тым самым прадказваючы дождж. Дзеці назіраюць і за жывымі барометрамі. Мурашкі, напрыклад, за некалькі гадзін даведваюцца аб набліжэнні непагадзі і рыхтуюцца да яе — хаваюцца. Каля невялікага вадаёма малышы таксама бачаць шмат раслін і жывёл (жаб, смаўжоў, мошак, стракоз). Увогуле, карысныя веды і навыкі хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць на кожным кроку экалагічнай сцяжынкі.

Дзеці вельмі любяць прагульвацца ўздоў­ж нашай туевай прысады, якая служыць добрай крыніцай фітанцыдаў. У спякоту хаваюцца пад ліпай, у якой крона нагадвае шацёр, а побач з вадаёмам, на “паляне казак”, з задавальненнем слухаюць свае любімыя кнігі.

Заданні па вывучэнні стану асяроддзя ў зоне сцяжынкі заахвочваюць дзяцей прымаць пасільны ўдзел у працоўных прыродаахоўных справах, займацца добраўпарадкаваннем, уважліва адносіцца да дрэў і не наносіць выпадковай шкоды раслінам.

Фарміраванне экалагічнай культуры дазваляе прывіваць дашкалятам асновы правільнага стаўлення да навакольнага свету, дае магчымасць вырашаць задачы не толькі па пазнавальным развіцці, але і па працоўным, фізічным, а таксама па патрыятычным, маральным выхаванні. Чалавек можа праяўляць недасведчанасць у пытаннях экалогіі і не задумвацца над вынікамі сваёй дзейнасці часцей за ўсё таму, што не ўспрымае сябе часткай прыроды. Мы выхоўваем у малышоў беражлівыя адносіны да раслін і жывёл, прыцягваем да ўдзелу ў прыродаахоўных мерапрыемствах, нагадваем пра эканомнае расходаванне прыродных рэсурсаў, магчымасці іх паўторнага выкарыстання. Усе нашы выхаванцы, напрыклад, ведаюць, што неабходна збіраць макулатуру. Для гэтага ў групах пастаўлены спецыяльныя скрынкі, куды яны пасля заняткаў складваюць непатрэбную паперу. Пры тлумачэнні матэрыялу педагогі кожны раз выкарыстоўваюць багатыя магчымасці мастацкага слова, даюць мудрыя парады, ствараюць праблемныя сітуацыі, з якіх дзеці шукаюць выйсце, разам прыдумваюць ненадакучлівыя экалагічныя казкі.

Важным кірункам работы дашкольнай установы з’яўляецца экалагічная адукацыя бацькоў. Бо менавіта ў сям’і пачынаецца экалагічнае выхаванне, а працягваецца ў дашкольнай установе. На тэматычных стэндах у кутках для бацькоў змяшчаецца цікавая і карысная інфармацыя, каб дарослыя расказвалі дзецям, што правільна,  а чаго не трэба рабіць, а далей падмацоўвалі словы адпаведнымі дзеяннямі. Бацькі падтрымліваюць прапановы педагогаў. Сумеснымі намаганнямі мы ажыццявілі шэраг мерапрыемстваў: створаны куток паказу магчымасцей выкарыстання другаснай сыравіны, высаджаны маладыя дрэўцы. Дарэчы, самы актыўны ўдзел прынялі нашы выхаванцы і іх бацькі ў экалагічнай акцыі “Збяры макулатуру — зберажы дрэўца”.

На думку педагагічнага калектыву, гэтыя крокі дазволяць удасканаліць сістэму работы па экалагічным выхаванні дзяцей. А галоўнае — данесці да дзяцей разуменне адказнасці і ўсведамленне таго, што захоўваць і прымнажаць прыгажосць Зямлі можа кожны. Ёсць упэўненасць, што ўсё зробленае стане добрым падмуркам не толькі для фарміравання экалагiчнай культуры, але i для выхавання патрыятычных пачуццяў дзяцей, жадання ўпрыгожваць родны край i ганарыцца iм.

Святлана БАБЦОВА,
выхавальніца ясляў-сада № 32 Магілёва.