×

Прадметны тыдзень прыродазнаўчых навук

13.03.2019 11:50,

“Перамога любіць старанне!” — пад такім дэвізам у сярэдняй школе № 4 Магілёва прайшоў тыдзень прыродазнаўчых навук: геаграфіі, біялогіі, хіміі, фізікі і астраноміі.

Пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў і творчых заданняў улічваліся ўзроставыя асаблівасці і магчымасць праявіць сябе ў розных відах дзейнасці. Немагчыма было абмінуць яркую аб’яву ў фае аб адкрыцці тыдня.

Мэта тыдня — стварыць умовы для творчага самаразвіцця навучэнцаў. Тыдзень прыродазнаўчага цыкла — гэта не толькі від пазакласнай дзейнасці, а загадзя прадуманая і падрыхтаваная сістэма мерапрыемстваў, якая мае на мэце прывіць цікавасць да вучэбных прадметаў, пашырыць кругагляд вучняў, развіць творчасць.

Тыдзень дапамог узбагаціць веды дзяцей, праявіць ініцыятыву і самастойнасць, развіць індывідуальныя якасці, таленты, бо творчасць прыводзіць да разняволення асобы, умення арыентавацца ў грамадстве і знайсці сваё месца ў жыцці, быць патрэбным і карысным.

Прыцягвала асаблівая атмасфера: хацелася падзяліцца сваімі адкрыццямі з навакольнымі. Старшакласнікі хадзілі ў госці да малодшых класаў з цікавымі мерапрыемствамі і дэманстравалі доследы.

Займальныя конкурсы і віктарыны, пазнавальныя гульні, віртуальныя экскурсіі, артыкулы, інфармацыя пра вядомых навукоўцаў — усё гэта ўпрыгожвала сцены роднай школы на момант правядзення прадметнага тыдня.

Таму кожны ахвотны змог бліснуць ведамі ў кампаніі аднадумцаў і знаўцаў прадметаў прыродазанаўчага цыкла.

Алена СТУДНЕВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы 4 Магілёва.