×

Прафарыентацыя — творча і крэатыўна

15.06.2019 14:00,

Міжраённы прафарыентацыйны конкурс “Юны аўтамеханік” у фармаце WorldSkills арганізавалі ў Клічаўскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы.

Прафарыентацыйнае мерапрыемства падобнага фармату праходзіла ў вобласці ўпершыню. Удзел у конкурсе прынялі зборныя каманды выпускнікоў гарадскіх і сельскіх школ Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў. Спаборніцтва, накіраванае на стымуляванне цікавасці моладзі да атрымання прафесійнай адукацыі, аб’яднала 50 хлопцаў і дзяўчат.

Дырэктар каледжа Ю.І.Васілеўскі з пераможцам конкурсу ў асабістым заліку Арцёмам Саўчковым.

Ініцыятарам правядзення конкурсу выступіў дырэктар каледжа Ю.І.Васілеўскі. На яго думку, зараз у прафарыентацыі неабходна шукаць новыя цікавыя, эфектыўныя і крэатыўныя формы работы.

— Усе сельскагаспадарчыя спецыяльнасці вельмі запатрабаваны на рынку працы. Каб гэтыя прафесіі карысталіся цікавасцю ў моладзі, трэба даваць выпускнікам больш інфармацыі пра іх, расказваць пра перспектывы працы ў аграпрамысловым комплексе, даваць магчымасць падлеткам спрабаваць сябе ў гэтай сферы. Менавіта таму мы вырашылі арганізаваць такі конкурс, — паведаміў дырэктар установы Ю.І.Васілеўскі.

Спаборніцтва праходзіла ў два этапы. На тэарэтычным удзельнікам неабходна было прадэманстраваць веданне правіл дарожнага руху, а падчас этапа — прайсці 6 прафесійных модуляў. Канкурсанты падпампоўвалі аўтамабільныя шыны, выконвалі практыкаванне па ваджэнні аўтамабіля на трэнажоры-сімулятары, збіралі дэталі розных аўтамабільных механізмаў.

Усе ўдзельнікі годна прайшлі прафесійныя спробы, паказалі добрую тэарэтычную падрыхтоўку і прафесійныя ўменні. Лідарам была прызнана каманда школьнікаў Кіраўскага раёна. У асабістым заліку перамогу атрымаў выпускнік сярэдняй школы № 1 імя П.А.Крываноса Клічава Арцём Саўчкоў, 2-е месца — у вучаніцы сярэдняй школы № 2 імя К.П.Арлоўскага Кіраўска Аліны Бяржанінай, 3-е — за вучнем сярэдняй школы № 1 Кіраўска Уладзіславам Кашковым.

Першы конкурс пакінуў у яго ўдзельнікаў толькі пазітыўныя ўражанні. Многія хлопцы і дзяўчаты выказалі жаданне стаць навучэнцамі Клічаўскага аграрна-тэхнічнага каледжа. Практыку правядзення такіх прафарыентацыйных мерапрыемстваў ва ўстанове плануюць працягваць.

Педагагічны калектыў разлічвае, што ў будучым годзе конкурс прыцягне ўдзельнікаў і з іншых раёнаў Магілёўскай вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.