×

Праз фальклор да развіцця маўлення

28.11.2019 12:25,

Сёння сам час патрабуе звяртацца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуццё грамадзянскасці, любоў да Радзімы. Вельмі важна навучыць дашкольнікаў з павагай ставіцца да беларускай мовы, не саромецца на ёй размаўляць.

У нашай дашкольнай установе беларускамоўнаму дню адводзіцца адзін дзень у тыдзень. Практыка паказала, што гэтага вельмі мала, таму я ўключаю родную мову штодзённа ў спрыяльнай сітуацыі і ў рэжымныя моманты, карыстаючыся правілам “адна асоба — адна мова”, або “адна сітуацыя — адна мова”.

Важную ролю ў далучэнні дзяцей да роднай мовы мае беларускамоўнае асяроддзе ў дзіцячым садку. Сумеснымі намаганнямі разам з бацькамі ў старшай групе створаны цэнтр патрыятычнага выхавання, беларускі нацыянальны куток. Тут дзеці маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з культурнай спадчынай беларускага народа, гісторыяй, культурай і славутасцямі свайго роднага горада.

Працуючы ў малодшай групе, я заўважыла, што маленькіх дзяцей вельмі захапляюцъ рытмізаваныя і рыфмаваныя радкі, рытмічнае гучанне вершаў, казак, бадзёрае скандзіраванне лічылак i заклічак. Я дапамагала ім “дакрануцца” да багацця беларускай мовы, набыць свой першы літаратурны вопыт: напрыклад, расказвала ім такія малыя шэдэўры вуснай народнай творчасці, як “Сарока­варона”, “Ладачкі”, “Кую­кую ножку”, “Курачка­рабушачка”, “Ягорачка” і інш. Немагчыма было абысціся без выканання пэўных рухаў: згінання і выпроствання пальцаў, пляскання ў далоні, пастуквання пальчыкам па назе, ківання.

Гульня — самая любімая дзіцячая дзейнасць, таму я прапаноўвала малым гульні, пераважна беларускія народныя з дыялогамі “Бабка Ёжка”, “Вожык і мышы”, “Адгадай, чый галасок?”, гульню “Схавай рукі” з пацешкай “Сонейка” і інш. Таксама штодзённа праводзіла гутаркі з дзецьмі на розныя тэмы.

У сярэдняй групе ўжо пачынала навучанне прадукцыйнаму маўленню, з дзецьмі будавалі самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове: расказвалі па малюнку пра цацку, прадмет, з асабістага вопыту. Актыўна выкарыстоўвала ў штодзённай рабоце гутаркі, расказы на беларускай мове, разглядванне карцін, малюнкаў, ілюстрацый, камунікатыўныя сітуацыі, тэатралізаваную дзейнасць (вельмі падабаецца дзецям драматызацыя казкі “Каза­манюка”) і г.д.

Часцей за ўсё ў сярэдняй групе для чытання дзецям выкарыстоўвала казкі пра жывёл, якія вызначаюцца сваёй грунтоўнасцю і ілюстратыўнасцю, напрыклад, “Каток — залаты лабок”, “Пшанічны каласок”, “Былінка і верабей”. У гэтым узросце казка выступае для дзіцяці як падказка, дарадчык добрых спраў. У працэсе знаёмства выхаванцаў з казкамі асаблівую ўвагу ўдзяляла ix здольнасці да суперажывання.

Зараз дзеці старэйшага да­школьнага ўзросту ўжо здольныя да ўспрымання мастацкіх твораў розных жанраў. Асабліва іх ціка­вяць чароўныя казкі, легенды і паданні, а таксама вялікія па аб’ёме творы, напрыклад, такія легенды, як “Сож і Дняпро”, “Легенда пра возера Свіцязь”, паданне “Аб пахо­джанні Мінска”. У беларускіх казках, легендах і паданнях засяроджваю ўвагу на нацыянальных традыцыях, дзе адлюстроўваецца беларускі побыт і навакольны свет. У гэтых фальклорных творах падкрэсліваю пэўныя маральна­этычныя паво­дзіны ў грамадстве, якія патрабу­юць ад чалавека сумленнасці, шчырасці, працавітасці і іншых якасцей. Чытаць мастацкія творы дзеці хо­чуць амаль штодзённа.

Плануем кожны тыдзень праслухоўванне мастацкіх твораў ужывую і на аўдыяносьбітах або разыгрываем з дзецьмі знаёмыя казкі з дапамогай розных відаў тэатра (лыжак, пальчыкавага, настольнага, на фартухах і г.д.). На зімовых канікулах ставілі для дзяцей “Калядную казку” з беларускімі абрадамі і песнямі — дзецям вельмі спадабалася. Вясной праводзілі свята “Гуканне вясны” з карагодамі, прымаўкамі і прыметамі пра вясну, заклікальнымі песнямі. Праводзім літаратурныя віктарыны і ранішнікі.

Выхаванне на нацыянальных традыцыях немагчыма без зносін на роднай мове і ведаў аб сваім краі з боку не толькі выхавальніка, але і бацькоў. Развіццё беларускага маўлення адбываецца больш эфектыўна, калі педагогі наладжваюць цесную сувязь з сем’ямі.

На канкрэтных прыкладах, фактах з жыцця сям’і праводжу работу па азнаямленні з роднай старонкай. Нашы бацькі рыхтавалі інфармацыю на роднай мове пра сваю вуліцу, знакамітых людзей, у гонар якіх названы вуліцы. Таксама прасіла іх часцей гуляць па горадзе і звяртаць увагу на помнікі, гарадскую архітэктуру, чы­таць дзецям беларускія казкі і разам абмяркоўваць іх.

Вынікі праведзенай педагагічнай работы пацвярджаюць, што галоўным фактарам у развіцці беларускага маўлення з’яўляецца ўзор правільнай мовы выхавальніка, жаданне ўжываць мову ў штодзённым жыцці ўсімі ўдзельнікамі педагагічнага працэсу, уключаючы бацькоў.

Святлана ПІШЧАНКА,
выхавальніца ясляў-­сада № 1 Слаўгарада.