×

Prezi-прэзентацыя — інструмент з доўгатэрміновым эфектам

02.11.2019 14:42,

Калі мы гаворым пра прэзентацыю, то адразу ўяўляем рэдактар PowerPoint, які з’яўляецца часткай набору MicrosoftOffice. З дапамогай такога праграмнага забеспячэння можна не толькі наглядна прадставіць новы матэрыял, але і праверыць веды (тэставая работа), стварыць інтэрактыўныя лінгвістычныя гульні для паўтарэння або актуалізацыі ведаў вучняў. Аднак для сённяшняга вучня, які з лёгкасцю можа стварыць такую прэзентацыю сам або спампаваць яе з інтэрнэту, такі сродак навучання становіцца крыху сумным, нецікавым. Сучаснаму настаўніку, які выкарыстоўвае ІКТ і інтэрнэт-рэсурсы ў адукацыйным працэсе, заўсёды хочацца знайсці штосьці новае, неардынарнае.

Lля мяне альтэрнатывай PowerPoint стаў воблачны сэрвіс Prezi.com, які служыць для стварэння інтэрактыўных прэзентацый з нелінейнай, шматузроўневай структурай. Работа гэтага вэб-сэрвісу заснавана на тэхналогіі маштабіравання — набліжэння і аддалення аб’ектаў. Гэта дае магчымасць ажывіць паказ. Пераходы такой прэзентацыі заснаваны не на слайдах, а на павелічэнні асобных частак аднаго віртуальнага палатна, стварэнне якога адбываецца з дапамогай анлайн-рэдактара. На выбраным шаблоне адвольна размяшчаюцца медыятэкст, элементы дызайну. Затым наносіцца маршрут — парадак паказу элементаў, іх маштаб. Гатовыя (або часткова гатовыя) прэзентацыі захоўваюцца ў воблаках і даступны ў любым месцы, дзе ёсць падключэнне да інтэрнэту. Для іх прагляду дастаткова перайсці па спасылцы, якой можна падзяліцца з іншымі людзьмі. У час прэзентацыі можна з лёгкасцю мяняць маршрут або маштаб элементаў. Для павелічэння або памяншэння памераў  аб’ектаў служыць кола мышкі.

Для стварэння prezi-прэзентацыі неабходна:

  • перайсці па спасылцы Prezi.com;
  • выбраць тэму (шаблон);
  • размясціць аб’екты (тэкст, графіку, анімацыю і інш.);
  • адрэдагаваць аб’екты (вызначыць памер, павярнуць, пакінуць прастору вакол элементаў, устанавіць малы памер тэксту (ён будзе неразборлівы, пакуль знаходзіцца ў фокусе, а аўдыторыя не будзе чакаць яго ўбачыць), сфакусіраваць камеру на пэўны тэрмін і інш.);
  • стварыць адзіны стыль тэксту;
  • праверыць маршрут прэзентацыі (ці правільна факусіруецца камера на ўсіх аб’ектах).

У сэрвісе Prezi.com мэтазгодна рабіць прэзентацыю, у якой паказваюцца:

  • галоўная думка і мноства кірункаў, якія раскрываюцца паслядоўна, адначасова адбываецца зварот да першапачатковага выказвання;
  • прадмет з розных бакоў (спачатку разглядаецца па пэўных крытэрыях, а потым паказваецца малюнак цалкам, як бы з вышыні птушынага палёту).

Перавагамі выкарыстання prezi-прэзентацый з’яўляюцца:

  • адсутнасць адзінага стылю (кожная прэзентацыя не падобная на папярэднія, нават калі выкарыстоўваецца адзін і той жа шаблон);
  • магчымасць ілюстравання медыятэкстамі рознага аб’ёму і фармату як з персанальнага камп’ютара, так і з інтэрнэту;
  • прыгожы пераход паміж элементамі;
  • выкарыстанне фону з 3D-эфектам;
  • магчымасць працаваць з адной прэзентацыяй некалькім карыстальнікам;
  • пераход да прэзентацыі па спасылцы.

Як бачым, prezi-прэзентацыя — гэта інструмент з доўгатэрміновым эфектам, бо zoom-набліжэнне аб’ектаў дае магчымасць зрабіць заняткі больш жывымі, цікавымі, а сукупнасць розных крыніц інфармацыі і медыятэкстаў станоўча ўплывае на трываласць ведаў і хуткасц­ь іх засваен­ня. У той жа час няправільна падрыхтаваная прэзентацыя можа негатыўна паўплываць на дасягненне мэт урока, бо, як кажуць, добрая нагляднасць дапамагае зразумець, а дрэнная — наганяе маркоту.

Іна МЯДЗВЕДСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.