×

Разам — да новых вышынь

14.01.2020 12:21,

Напрыканцы мінулага года Магілёўскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж адсвяткаваў 65 гадоў з дня адкрыцця. За сваю гісторыю гэтая навучальная ўстанова прайшла доўгі і складаны шлях: ад тэхнічнага вучылішча да сучаснага каледжа. Каледж дынамічна развіваецца і зараз гэта адна, з лепшых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў вобласці.

— Сёння наш каледж — гэта шматпрофільная ўстанова, арыентаваная на інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання, дзе рыхтуюць кваліфікаваныя працоўныя кадры для сферы прамысловасці. На цяперашні момант у нас ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў па прафесіях электраманцёр, электрамантажнік, вадзіцель, слесар па рамонце аўтамабіляў, кабельшчык-спайшчык, прадавец, кантралёр-касір, аператар сувязі. Усяго ў каледжы на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вучацца амаль 600 маладых людзей, — расказаў дырэктар каледжа В.В.Бурака.

Недахопу ў навучэнцах тут не адчувалі як у час адкрыцця ўстановы — 65 гадоў назад — так і цяпер. Не ўзнікае складанасцей і з размеркаваннем выпускнікоў — у маладых спецыялістаў нават ёсць выбар наконт таго, куды пайсці працаваць. Сакрэт запа­трабаванасці каледжа як у школьнікаў, так і ў работадаўцаў даволі просты. Заключаецца ён у добрасумленнай працы педагагічнага калектыву ўстановы па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці.

— Галоўнае, на што мы арыентуемся, — якасць навучання. А забеспячэнне якаснага вучэбна-выхаваўчага працэсу немагчыма без добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы. У нас яна адпавядае ўсім даведзеным па­трабаванням. Каледж штогод абнаўляецца. Гэта дазваляе падтрымліваць вучэбныя кабінеты, актавую і спартыўную залы, сталовую, інтэрнат і іншыя памяшканні ўстановы ў належным стане. Асабліва ўважліва ставімся да аснашчэння вучэбна-вытворчых майстэрань. За апошнія некалькі гадоў мы змаглі адкрыць новую майстэрню для аператараў паштовай сувязі. Цалкам мадэрнізаваць дзве лабараторыі па электразабеспячэнні, абсталяваць усе майстэрні разнастайнымі электроннымі вымяральнымі прыборамі, стварыць тры новыя камп’ютарныя класы, кабінет па ахове працы, кабінет па вывучэнні альтэрнатыўных крыніц энергіі. Шматлікія майстэрні пераабсталяваны з улікам сучасных тэхналогій, — паведаміў В.В.Бурака.

Адметна, што ў асноўным абнаўленне вучэбных кабінетаў і майстэрань каледжа ажыццяўляецца за ўласныя сродкі, заробленыя на пазабюджэтнай дзейнасці. Яна тут дастаткова разнастайная. Педагагічны калектыў ажыццяўляе дэмантаж каштоўных металаў, электрамантажныя работы і электрафізічныя вымярэнні, вучобу беспрацоўных грамадзян і навучанне асновам ваджэння аўтамабіля, наладку і тэхнічнае абслугоўванне аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі.

— Мы не стаім на месцы, пастаянна пашыраем напрамкі пазабюджэтнай дзейнасці, бо дадатковыя сродкі адкрываюць новыя магчымасці для абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама павышэння заработнай платы. Спрыяюць яны і ўкараненню энергазберагальных тэхналогій. Нядаўна мы ўсталявалі фотаэлектрастанцыю. Прылада дазваляе істотна эканоміць энергетычныя рэсурсы, а яшчэ — пашыраць веды навучэнцаў аб тэхнічным абслугоўванні сонечных электраўстановак, — адзначыў В.В.Бурака. 

Якаснае навучанне прафесіі ў Магілёўскім дзяржаўным прафесійным электратэхнічным каледжы ў прыярытэце. Але на сучасным этапе для педагагічнага калектыву не менш важна раскрыццё патэнцыялу моладзі, выхаванне кожнага навучэнца ўсебакова развітой асобай. Таму, акрамя атрымання грунтоўнай адукацыі, падчас навучання ў каледжы моладзь з цікавасцю праводзіць і вольны час. Тут імкнуцца напоўніць жыццё маладога пакалення натхненнем, прагай да пазнання і творчасці. Робяць гэта, далучаючы навучэнцаў да заняткаў у гуртках прафесійна-тэхнічнай ці мастацка-эстэтычнай накіраванасці, спартыўных секцыях. Пералік вельмі разнастайны, таму кожны можа выбраць занятак па душы, рэалізаваць сябе ў тым, што яму падабаецца. Да таго ж у каледжы пастаянна ладзяць разнастайныя фізкультурна-аздараўленчыя, культурна-масавыя мерапрыемствы, прапануюць навучэнцам працаўладкаванне падчас канікул.

Асаблівы ўпор у каледжы робяць на патрыятычнае выхаванне моладзі. Ужо звыш дзесяці гадоў у навучальнай установе дзейнічае пошукавы атрад “Рэха вайны”, кіраўніком якога з’яўляецца выкладчык дапрызыўнай падрыхтоўкі С.М.Тагаеў. Атрад уваходзіць у склад вядомага Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “ВІККРУ”. З 2007 года маладыя людзі з атрада “Рэха вайны” ажыццявілі шэраг краязнаўчых пошукавых экспедыцый па месцах баёў 1941—1944 гг. у Чавускім, Слаўгарадскім, Магілёўскім, Шклоўскім раёнах. Атрымалася ўстанавіць каля 400 прозвішчаў салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. Акрамя таго, атрадам устаноўлена месца пахавання поўнага кавалера ордэна Славы разведчыка Георгія Сяргеевіча Арэхаўскага.

Своеасаблівая адметнасць каледжа — харавы калектыў вакальнай студыі “Прамень”. Зараз яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 54 маладыя чалавекі. Дзякуючы выдатнаму педагогу І.А.Буракоўскай, гэтыя навучэнцы маюць добрую магчымасць развіць свае творчыя здольнасці. Выступленні харавога калектыву неаднойчы былі адзначаны прызавымі дыпломамі разнастайных конкурсаў. 

Павышаная ўвага, якая ўдзяляецца ў каледжы выхаваўчай рабоце, паспрыяла фарміраванню сістэмы спрыяльных узаемаадносін паміж педагогамі і навучэнцамі. Гэта — адзін з важных фактараў вучэбнай паспяховасці, але асноўны ўсё ж — пастаяннае ўдасканаленне арганізацыі адукацыйнага працэсу. 

— Мы стараемся знаходзіцца ў няспынным развіцці. З улікам патрабаванняў часу ўводзяцца новыя прафесіі. Пастаянна ўкараняюцца сучасныя тэхналогіі і методыкі ў вучэбныя праграмы традыцыйных спецыяльнасцей. Наогул, адукацыйны працэс будуем на аснове адзінства набыцця ведаў і ўменняў прымяніць іх у канкрэтнай жыццёвай сітуацыі. Такі падыход дазваляе рыхтаваць сапраўды высокакваліфікаваных спецыялістаў. Штогод каледж заканчва­юць звыш 200 чалавек і ўсім ім заўсёды прадастаўляецца першае рабочае месца. Гэта найлепшым чынам пацвярджае каштоўнасц­ь нашых выпускнікоў на рынку працы, — падкрэсліў В.В.Бурака.

Дасягненняў у Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага кале­джа сапраўды шмат. І ўсе яны грунтуюцца на плённай працы педагагічнага калектыву. Сёння ў каледжы працуюць 69 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання, кожны з якіх — выключны прафесіянал сваёй справы. Усе педагогі не толькі добра арыентуюцца ў сваёй прадметнай галіне, але і валодаюць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, умеюць працаваць у інфармацыйнай прасторы. За добрасумленную працу выкладчыкі ўзнагароджваюцца граматамі і дыпломамі, выходзяць у прызёры разнастайных конкурсаў і прафесійных спаборніцтваў. Заслужанымі педагогамі кале­джа з’яўляюцца А.А.Аніськоў, В.Г.Бегуноў, Т.С.Грамыка, М.Г.Каўцэвіч, У.М.Наймушын, С.М.Тагаеў, А.І.Трацэўская, А.І.Рыбакоў, У.Г.Зінькевіч, С.В.Талканіца, А.С.Валчкоў.

Не адстаюць ад сваіх выкладчыкаў і навучэнцы, якія таксама бліскуча праяўляюць сябе ў розных напрамках. Яны неаднаразова станавіліся пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills у кампетэнцыі “Электрамантажныя работы”, рэспубліканскіх конкурсаў тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, “Таленты ХХІ стагоддзя”, канферэнцый даследчых работ, творчага рэспубліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”, рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон”, спартыўных турніраў — “Абаронца Айчыны”, мнагаборства “Здароўе”.

Каледж даўно знаходзіцца ў лідарах абласнога спаборніцтва на лепшую арганізацыю адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. За забеспячэнне якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў навучальная ўстанова ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэр­ства адукацыі.

Дзякуючы самаадданай працы ўсяго працоўнага калектыву, Магілёўскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж упэўнена крочыць у заўтрашні дзень. Адзначаючы 65-годдзе, у навучальнай установе чарговы раз падвялі вынікі сваёй адукацыйнай дзейнасці. Вызначылі і новыя мэты, да дасягнення якіх зноў будуць імкнуцца агульнымі зладжанымі намаганнямі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.