×

Разам да прафесійнага ўдасканалення

03.06.2019 14:37,

Вопыт і перспектывы функцыянавання педагагічных класаў абмеркавалі надоечы на Магілёўшчыне. Мерапрыемства прайшло ў форме панарамы вопыту і аб’яднала настаўнікаў, студэнтаў і навучэнцаў з усёй вобласці.

Як паведаміла начальнік цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай работы і педагагічных інавацый МДАІРА Н.Р.Афанасьева, вучэбныя мерапрыемствы прайшлі ў рамках дзеяння рэгіянальнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі.

— Дзеянне кластара ажыццяўляецца ў плённым узаемадзеянні МДАІРА і МДУ імя А.А.Куляшова. Мы сумесна распрацоўваем разнастайныя вучэбныя мерапрыемствы для педагогаў. Такое супрацоўніцтва ўжо даказала сваю эфектыўнасць у павышэнні прафесійнага майстэрства настаўнікаў, — расказала Н.Р.Афанасьева.

Паводле яе слоў, каб ацаніць выніковасць працы педагагічных класаў, вырашана было аб’яднаць усіх зацікаўленых, таму панарама вопыту сабрала разам настаўнікаў, якія вядуць прафесійны факультатыў, навучэнцаў педкласаў, а таксама студэнтаў, якія рыхтуюцца стаць педагогамі. Для ўсіх арганізатары прадугледзелі асобныя і агульныя мерапрыемствы.

Так, выкладчыкі факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” падчас круглага стала змаглі падзяліцца знаходкамі і поспехамі па арганізацыі работы ў профільных класах. Цікавых напрацовак было прадстаўлена нямала. Усе настаўнікі сапраўды імкнуцца да таго, каб максімальна зацікавіць навучэнцаў, проста і даступна раскрыць ім азы выбранай прафесіі. Напрыклад, у сярэдняй школе № 30 Бабруйска праводзяць пасвячэнне ў класы педагагічнай накіраванасці “Віват, педклас!”. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікае стварэнне партфоліа “Я педагог”, а таксама заліковыя кніжкі, у якіх фіксуюцца вынікі педагагічных проб.

У сярэдняй школе № 34 Магілёва імкнуцца дапамагчы хлопцам і дзяўчатам свядома падысці да выбару прафесіі настаўніка з улікам іх схільнасцей, а таксама патрэб грамадства і запытаў рынку працы. Для гэтага на занятках выкарыстоўваюць актыўныя і інтэрактыўныя формы навучання. Рэгулярна праводзяцца дзелавыя гульні, семінары-практыкумы, экскурсіі ў МДУ
імя А.А.Куляшова.

Цікавы падыход да ўвядзення ў прафесію арганізавалі ў гімназіі Мсціслава. У гэтай установе на занятках з навучэнцамі педкласаў актыўна выкарыстоўваюць метад “Партрэт педагога”, праводзяць мікрадаследаванні “Як узняць прэстыж педагагічнай прафесіі?”, інтэрв’ю з членамі педагагічных дынастый, прымаюць актыўны ўдзел у розных тэматычных канферэнцыях.

Адметна, што падчас мерапрыемства арганізатары далі магчымасць праявіць сябе навучэнцам педагагічных класаў. Яны прынялі ўдзел у конкурсе “Мая прафесійная будучыня”. Спаборніцтва складалася з двух этапаў: завочнага і вочнага. У вочным прынялі ўдзел 11 фіналістаў з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Бабруйска, Быхава, Глуска, Клімавіч, Крычава, Касцюковіч, Мсціслава, Магілёва, Асіповіч і Магілёўскага раёна. Ім было прапанавана выканаць розныя заданні: выступіць з самапрэзентацыяй і відэафрагментам сваёй педагагічнай пробы, скласці тэхналагічную карту ўрока, вырашыць пэўныя педагагічныя задачы.

— Вучні цікава і крэатыўна прадставілі сваё бачанне прафесіі, выкарыстаўшы ў якасці педагагічнага крэда цытаты вядомых вялікіх людзей: Талстога, Сухамлінскага, Корчака. Усе канкурсанты ярка і эмацыянальна расказалі пра свае першыя крокі ў прафесіі, прадэманстравалі відэафрагменты педагагічных проб і паспяхова справіліся з вырашэннем педагагічных задач на аснове ўрыўкаў з фільмаў. Гран-пры па выніках конкурсу атрымала навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Аліна Каліневіч. Астатнія ўдзельнікі таксама атрымалі дыпломы і падарункі, — адзначыла Н.Р.Афанасьева.

Увогуле, мерапрыемства атрымалася інфармацыйна насычаным і карысным для ўсіх. Навучэнцы і студэнты атрымалі магчымасць паказаць свае здольнасці, педагогі — абмяняцца станоўчым вопытам работы. У далейшым практыка правядзення такіх мерапрыемстваў будзе працягнута.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі.