×

Разам з бацькамі

31.05.2019 12:15,

Сям’я — асяроддзе найбольш блізкіх кожнаму чалавеку людзей, і па сіле ўздзеяння ёй няма роўных. Дзякуючы сям’і чалавек, прыйшоўшы на гэты свет, у прамым і пераносным сэнсе становіцца чалавекам. Сям’я ўздзейнічае на чалавека на працягу ўсяго яго жыцця: тое, што ў дзіцячыя гады набываецца ў сям’і, будзе выкарыстана і ў далейшыя перыяды жыцця, а засвоеная мадэль сямейнага выхавання будзе пераносіцца з пакалення ў пакаленне.

Нараджэнне дзіцяці з адхіленнямі ў развіцці часцей за ўсё становіцца прычынай глыбокай і працяглай сацыяльнай дэзадаптацыі ўсёй сям’і, змяняе, а нярэдка і парушае ўвесь ход жыцця. Выяўленне ў дзіцяці асаблівасцей развіцця амаль заўсёды выклікае ў бацькоў цяжкі стрэс, сям’я аказваецца ў псіхалагічна складанай сітуацыі. Бацькі ўпадаюць у роспач, нехта плача, хтосьці нясе боль у сабе, нехта поўнасцю аддаляецца ад сяброў, знаёмых і сваякоў. Такім сем’ям неабходна комплексная сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная дапамога.

У рамках псіхолага-педагагічнага суправаджэння сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Чавусаў ужо васямнаццаць гадоў функцыянуе сямейны клуб “Надзея”. Ён аб’ядноўвае бацькоў, якія могуць аказаць маральную падтрымку і узаемадапамогу адзін аднаму. Мэта работы клуба — павышэнне ўзроўню псіхолага-педагагічнай дасведчанасці бацькоў праз набыццё імі тэарэтычных і практычных ведаў, уменняў і навыкаў для далейшага іх выкарыстання ў працы па развіцці, навучанні і выхаванні сваіх дзяцей. У рамках пасяджэнняў клуба бацькі атрымліваюць інфармацыю пра актуальныя праблемы дзяцей, узроставыя асаблівасці іх развіцця, навучаюцца эфектыўным прыёмам і навыкам узаемадзеяння з дзецьмі, дзеляцца поспехамі з іншымі бацькамі, задаюць пытанні, паказваюць розныя прыёмы ўзаемадзеяння з дзіцем.

Пасяджэнні клуба “Надзея” праводзяцца штоквартальна, але часам вар’іруюцца ў залежнасці ад запытаў бацькоў. Кожнае пасяджэнне мае пэўную тэматыку, якая закранае пытанні сямейнага выхавання і навучання дзяцей з асаблівымі патрэбамі.

Формы работы клуба могуць быць самыя розныя і залежаць ад тэмы, задач і складу ўдзельнікаў: круглы стол, трэнінг, семінар-практыкум, вырашэнне педагагічных сітуацый, творчая гасцёўня, абмен вопытам сямейнага выхавання, відэапрагляды па арганізацыі жыцця дзяцей у цэнтры, арганізацыя сумеснай дзейнасці дзяцей і бацькоў. І бацькі разам з дзецьмі ахвотна ўключаюцца ў розныя віды дзейнасці цэнтра: гуляюць, спаборнічаюць, займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. У бягучым навучальным годзе былі праведзены пасяджэнні клуба “Сямейны вольны час як форма дапамогі бацькам у арганізацыі ўзаемадзеяння з асаблівым дзіцем” , “Сцежкаю здароўя мы разам ідзем”.

Уся работа з бацькамі накіравана на фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, пазітыўнага мыслення, аптымізму. Бацькі, нягледзячы на клопат пра дзіця з абмежаванымі магчымасцямі, павінны развівацца як асобы, рэалізоўвацца ў прафесіі. Ахвярнасць і самаадрачэнне не дапамогуць змяніць сітуацыю. Для таго каб стаць шчаслівымі, бацькі павінны ўспрымаць дзіця такім, як ёсць, не прад’яўляць да яго завышаных патрабаванняў, радавацца самым маленькім дасягненням, усяляк дапамагаць дзіцяці асвойваць навакольны свет, шукаць магчымасці кампенсаваць хваробу, пры гэтым застаючыся для дзіцяці цікавым партнёрам, аўтарытэтным і значным у яго вачах.

Наш калектыў назапасіў нямала вопыту па рабоце з сем’ямі, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці з асаблівасцямі развіцця. Спецыялісты цэнтра ідуць у нагу з часам, выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі сумеснай работы з бацькамі, абапіраючыся на традыцыі сям’і. За гэты час мы ацанілі важнасць уплыву бацькоў на працэс выхавання і развіцця дзіцяці. І толькі дзякуючы сумесным намаганням спецыялістаў цэнтра і бацькоў мы змаглі дамагчыся станоўчых вынікаў у навучанні і выхаванні нашых дзяцей.

Імкнёмся ўмацаваць у свядомасці бацькоў упэўненасць у тым, што сумесна са спецыялістамі цэнтра можна знайсці верныя шляхі вырашэння праблем, якія ўзнікаюць, атрымаць рэкамендацыі, падтрымку, дапамогу ў любых пытаннях.

Валянціна ГУНЕВА,
сацыяльны педагог ЦКРНіР Чавусаў Магілёўская вобласці.