×

Сакрэты хлебапячэння

31.05.2019 14:40,

Нашы продкі заўсёды казалі, што хлеб — усяму галава, лічылі яго найважнейшым атрыбутам трапезы. 30 мая навучэнцы 4-х класаў сярэдняй школы № 6 Магілёва адправіліся на займальную і пазнавальную экскурсію ў ААТ “Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”.

Гэтае прадпрыемства — найбуйнейшы вытворца хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў у Магілёве і вобласці. Спачатку экскурсавод паказала відэафільм аб кампаніі, затым дзеці трапілі ў самае “сэрца” вытворчасці — хлебабулачны цэх. Яны з цікавасцю разглядалі велізарныя міксеры і ёмістасці з закваскай, машыны для парцыённай падачы цеста, убачылі ўсе этапы нараджэння хлеба і булачных вырабаў. Дзеці паспрабавалі гарачы, з хрусткай скарыначкай, чорны хлеб, батоны і мучныя прысмакі.

Пасля наведвання вытворчага цэха гаспадары зладзілі чаяванне з дэгустацыяй смачных кандытарскіх вырабаў.

Захапленне выклікаў майстар-клас па рабоце з масцікай: навучэнцы зрабілі вырабы і пакінулі сабе на памяць.

Добрая, смачная і душэўная экскурсія па вытворчасці адкрыла галоўны сакрэт хлеба: ён зроблены з душой і любоўю. А за кожным свежым і духмяным буханам — каласальная праца цэлага калектыву.

Напрыканцы экскурсіі кожнага навучэнца чакаў прыемны сюрпрыз — пакет з імянным пернікам, печывам і храбусткімі кукурузнымі палачкамі.

Станоўчыя эмоцыі надоўга застануцца ў памяці дзяцей!

Ірына АЛЯХНОВІЧ,
Святлана КРЫВУШКІНА,
класныя кіраўнікі сярэдняй школы № 6 Магілёва.