×

Сэрцам адданыя роднай зямлі

02.11.2019 14:38,

Валанцёрскі рух — эфектыўная форма сацыялізацыі падлеткаў. Прымаючы ўдзел у калектыўных справах, дабіваючыся практычных вынікаў, дзеці набываюць шэраг кампетэнцый. Арганізаваная сацыяльная актыўнасць садзейнічае адраджэнню ў маладзёжнай сферы фундаментальных каштоўнасцей— грамадзянскасці, міласэрнасці, справядлівасці, спагадлівасці. Але самае галоўнае ў тым, што дзеці аддаюць частку сваёй душы іншаму чалавеку і разумеюць, што свет вакол мяняецца да лепшага дзякуючы іх працы.

Валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” нашай школы складаецца з вучняў 8—11 класаў. Свае першыя добрыя справы наш атрад здзейсніў у 2014 годзе. За пяць гадоў намі рэалізавана больш за 30 сацыяльна значных акцый.

Традыцыйна новы навучальны год мы сустракаем акцыяй “У школу — з добрым сэрцам”. Члены атрада прыма­юць ад чулых людзей пісьмовыя прылады, прадметы для творчасці і раздаюць іх вучням з мнагадзетных ці малазабяспечаных сем’яў. На працягу двух гадоў мы пры­маем удзел у раённай акцыі “Адновім святыні Беларусі”. Члены атрада аказваюць дапамогу па ўборцы тэрыторыі вакол храма Святога Мікалая Цудатворца ў вёсцы Свіслачы, ачышчаюць клумбы ад пустазелля, даглядаюць малады сад. Нягле­дзячы на вялікі фронт работы, дзеці выконва­юць яе з вялікім задавальненнем, адчуваючы сваё дачыненне да захоўвання важных для лю­дзей месцаў.

Традыцыйнымі на працягу многіх гадоў сталі акцыі “Чысты бераг”, “Моладзь — за чысціню гарадоў і вёсак”. Іх галоўная мэта — добраўпарадкаванне тэрыторыі, ачышчэнне прыбярэжнай паласы рэк Свіслач і Бярэзіна ад смецця. У гэтых акцыях прымаюць удзел усе жадаючыя. Выконваючы простую, але не менш важную работу, дзеці размаўляюць пра здаровы лад жыцця, правільнае абыходжанне з прыродай, бо гэта самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека. Наводзячы чысціню, члены атрада расклейваюць у спецыяльна адведзеных месцах памяткі для тых, хто адпачывае. Радуе, што з кожным годам работы становіцца ўсё менш.

Не абыходзяць валанцёры сваёй увагай і вялікую тэрыторыю школы. Штогод вясной праводзіцца “рэвізія” школьнага двара. Амаль прафесійным поглядам члены атрада заўважаюць, што можна палепшыць, куды на гэты раз ім неабходна направіць сваю стваральную працу. Вырубка кустарнікаў, стварэнне новых клумб, перакопванне дзірвану, устаноўка лавак  — усё гэта з-за імкнення змяніць выгляд школы сваімі рукамі. Словам, работа ў гэтым напрамку не звужана да абавязкаў дворніка. У ёй ёсць творчы пачатак. Вывучыўшы меркаванне вучняў школы, дзеці прыйшлі да высновы, што школе патрэбен куток з новымі клумбамі, дарожкамі, лаўкамі. Так нара­дзіўся праект ландшафтнага дызайну “Райскі куток”, рэалізацыя якога падарыла школе новую зону адпачынку. У раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу “Моладзь — за чысціню гарадоў і вёсак” гэты праект адзначаны дыпломам І ступені ў намінацыі “Лепшая ландшафтная кампазіцыя”.

Самая маштабная акцыя — “Спяшайцеся рабіць добрыя справы” — традыцыйна праходзіць 1 кастрычніка і прысвечана састарэлым людзям. Трэба адзначыць, што нашы вучні на працягу ўсяго года адгукаюцца на просьбы пажылых людзей, ветэранаў педагагічнай працы, адзінокіх людзей. Але ў гэты дзень клопат пра лю­дзей, якім неабходна дапамога, напаўняе іх сэрца асаблівай цеплынёй, асаблівай павагай да іх. Нават нязначная дапамога можа зрабіць жыццё пажылога чалавека крыху лягчэйшым.

Валанцёр сочыць за сваім здароўем і здароўем тых, хто знаходзіцца побач. Кожны год у пачатку снежня ў школе прахо­дзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных здароваму ладу жыцця: “Стоп СНІД!”, “Разам дзеля жыцця”, “Мы — за ЗЛЖ”  і інш. Валанцёры прапагандуюць здаровы лад жыцця на сваім прыкладзе, на прыкладзе знакамітых людзей, право­дзяць апытанне, конкурсы, флэшмобы, выставы плакатаў і малюнкаў, ствараюць і распаўсюджваюць буклеты з сацыяльнай рэкламай. У гэтай акцыі прымае ўдзел уся школа. З асаблівай адказнасцю нашы валанцёры ўдзельнічаюць у акцыях патрыятычнага напрамку.

Той факт, што з кожным годам жывых сведкаў жахаў вайны становіцца ўсё менш, дабаўляе валанцёрам адказнасці. Работа нашай валанцёрскай арганізацыі была адзначана падзякай за актыўны ў­дзел у жыцці Асіповіцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ”. А ў раённым этапе конкурсу “Валанцёр года — 2018” мы занялі ганаровае 1-е месца ў намінацыі “Валанцёрскія справы ў фотааб’ектыве”.

Ацэньваючы выкананую работу, з лёгкім сэрцам магу сказаць, што ні адна хвіліна нашага сумеснага часу не была патрачана дарэмна. Адчуваюць гэта і дзеці, пазіраючы ва ўдзячныя вочы сваіх землякоў, радуючыся дасягнутым вынікам, прымаючы шматлікія словы падзякі. У валанцёраў ёсць тое, што мы хочам ба­чыць у грамадстве, у сям’і і ў сабе асабіста. У разуменні валанцёраў маральныя, духоўныя каштоўнасці ўвасоблены ў канкрэтнай справе. Знаходзячыся побач з імі, гэта можна адчуць, зарадзіцца жаданнем жыць так, як яны. Я вельмі хачу зрабіць валанцёрства стылем сучаснага жыцця сваіх вучняў. У тым ліку і іх рукамі жыццё нашага грамадства становіцца ярчэйшым.

Аксана КОЎРЫК,
педагог-арганізатар Свіслацкай сярэдняй школы Асіповіцкага раёна.