×

Шчаслівая мама, шчаслівае дзіця

13.03.2019 16:15,

У яслях-садзе № 58 Магілёва напярэдадні свята 8 Сакавіка прайшло чарговае пасяджэнне “Матчынай школы”. Гэтая форма работы стала неад’емнай часткай супрацоўніцтва з бацькамі малых другога і трэцяга гадоў жыцця, якая дазваляе рэалізоўваць мэтанакіраванае развіццё эмацыянальнага, сацыяльнага і пазнавальнага кампанентаў.

Напярэдадні свята малыя разам з бацькамі акунуліся ў казачны свет, да іх прыходзіла прыбранае і прыгожае Сонейка, вадзіла з імі карагоды і спявала песенькі, танчыла і стварала розныя немудрагелістыя фігуркі з салёнага цеста.

Педагог-псіхолаг Наталля Міхайлаўна Казак у ходзе мерапрыемства выкарыстала цестапластык (мукасолька, або біякераміка) — займальны від рукадзелля, які не патрабуе ні грашовых выдаткаў, ні асаблівых намаганняў. Ляпіць з салёнага цеста дзецям і іх бацькам было ў задавальненне і навінку. Прычым сам працэс быў аднолькава цікавы як дзецям, так і дарослым. З неверагодна пластычнага і абсалютна бяспечнага матэрыялу атрымалася выдатнае сонца, кветкі і фігуркі жывёл.

Затым Сонейка прапанавала хлопчыкам і дзяўчынкам свет, дзе яны могуць расслабіцца і атрымаць задавальненне ад розных фізічных практыкаванняў. Хада па спартыўных дарожках, скачкі праз абруч, праходжанне праз тунэль вельмі зацікавіла дзяцей.

Педагог-псіхолаг прапанавала дарослым скласці калаж на адну з тэм: “Шчаслівая мама, шчаслівы малыш!”,  “Мой самы любімы занятак”. Бацькі стварылі прыгожыя, адмысловыя калажы.

На працягу заняткаў панавала атмасфера свята і добрага настрою. Масу пазітыўных эмоцый, яркіх уражанняў, зарад бадзёрасці атрымалі малыя і іх бацькі. Напрыканцы сюрпрызам быў падарунак мамам у выглядзе прыгожых цюльпанаў з паперы.

Наталля КАЗАК,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 58 Магілёва.