×

Школьны… студатрад

28.11.2019 15:04,

Па ініцыятыве Чэрыкаўскага РК ГА “БРСМ” некалькі гадоў запар старшакласнікі нашай установы адукацыі працуюць у студэнцкім атрадзе. Хлопцы і дзяўчаты яшчэ не студэнты, але паралельна з вучобай вучацца працаваць на зямлі. Студэнцкі атрад, у якім яны працуюць, носіць імя нашага земляка — Героя Савецкага Саюза У.Р.Яўсеенкі, героя-танкіста, які вызначыўся ў баях за горад Бырлад (Румынія) разам са сваім экіпажам.

У атрадзе 10 чалавек. Падлеткі працуюць напераменку: то на збожжатаку, то на палях КСУП “Язёрскі”. У гэтым годзе атрад працаваў двойчы: улетку — у якасці працоўных на прасушцы збожжа, восенню — у якасці падсобных рабочых на ўборцы буракоў. У сельскагаспадарчым прадпрыемстве з байцамі атрада заключаюць дамовы, праводзяць гутаркі і інструктажы па тэхніцы бяспекі.

Гэтай восенню школьнікі прыбіралі кармавыя буракі. Усе дзесяць дзён байцы працавалі з аптымізмам па 2 гадзіны на дзень пасля заняткаў. Затрымкі з транспартам ад гаспадаркі ніколі не было, таму караняплоды своечасова звазіліся. Да студатрадаўцаў быў прымацаваны спецыяліст КСУП “Язёрскі” — аграном-хімік А.Радзькова. Яна патлумачыла змест работы: трэба было не прапускаць ніводнага караняплода і чыста абрываць бацвінне, бо буракі пойдуць на захоўванне, а затым у дзіцячы сад і школу. Так што байцы адчувалі сябе адказнымі за сур’ёзную справу. Трэба сказаць, што працавалі ўсе зладжана і дружна: хлопцы вырывалі з зямлі караняплоды, дзяўчынкі абразалі бацвінне і кідалі ў кучы, затым хлапчукі грузілі на прычэп. Усяго хлопцы загрузілі 25 т, у сярэднім 2,5 т на чалавека, зарабілі 821,25 руб., што складае ў сярэднім 82 руб. на чалавека.

Падчас кароткіх перапынкаў падлеткі не сумавалі: жартавалі, смяяліся, успаміналі працу ў летні перыяд. Акрамя таго, ад агранома Анастасіі Уладзіміраўны Радзьковай даведаліся больш пра яе прафесію, таму што адна з дзяўчын атрада хоча набыць гэтую спецыяльнасць. Аграном — гэта самы важны спецыяліст сельскай гаспадаркі. Менавіта ў яго задачу ўваходзіць распрацоўка новых метадаў павышэння ўраджайнасці, культывацыя відаў, засваенне новых, раней не ўласцівых гэтай мясцовасці сельскагаспадарчых раслін. У адной асобе аграном — навуковец-селекцыянер і брыгадзір на сельскагаспадарчых работах. 

Пасля працы ў поле хлопцам і дзяўчатам хацелася зрабіць яшчэ нейкія добрыя справы. Ідучы па пасёлку Вінаград, яны даведаліся, што тут жыве жанчына з групы “Дзеці вайны” — Алена Рыгораўна Татарэнка, 1934 года нараджэння. Яна адзінокая жанчына, дзеці жывуць далёка. І байцы вырашылі ўзяць над ёй шэфства. Хлапчукі калолі дровы, дзяўчынкі насілі, затым прыбіралі ў хаце. Каля дома сарвалі сухія кветкі, згрэблі апалае лісце. Яшчэ наведалі ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі: Мікалая Мікалаевіча Плахоціна і Сямёна Данілавіча Сцепанькова — ім таксама аказалі пасільную дапамогу.

Па выніках працы сярод студэнцкіх атрадаў у працоўным семестры 2019 года атрад выйшаў пераможцам. Праца байцоў была высока ацэненая на абласным узроўні: падчас праходжання Дажынак у Магілёве за актыўную і добрасумленную працу атрад быў узнагароджаны каштоўным падарункам і экскурсійнай паездкай.

Л. І. НАУМАВА, 
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Язёрскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці.