×

Скрайбінг + КРАБ-2 + PowerPoint = добрыя веды па беларускай мове

06.07.2019 12:36,

 Новыя патрабаванні прымушаюць арыентавацца на будучыню. Што трэба сучаснаму падлетку? Мінімум выдаткаў, максімум выніку. Ідэй па аптымізацыі адукацыйнага працэсу мноства. І ў першую чаргу гэта сучасныя сродкі ІКТ і інтэрнэт-рэсурсы.

Аднак вучэбны матэрыял засвойваецца паспяхова ў тым выпадку, калі ёсць магчымасці для яго паўтарэння, замацавання. Менавіта таму я пачала ствараць электронныя адукацыйныя рэсурсы на адну тэму. У склад такіх сродкаў навучання ўваходзяць тры кампаненты:

1) візуальнае знаёмства з тэмай або яе паўтарэнне;

2) набор камп’ютарных тэстаў для кантролю засваення вывучанага;

3) інтэрактыўная лінгвістычная гульня.

Даўно вядома, што 80% інфармацыі чалавек успрымае візуальна. Вусны аповед з малюнкамі запамінаецца значна лепш, чым звычайная лекцыя, таму сёння выкарыстоўваюцца разнастайныя прэзентацыі ў фармаце Power Point, Prezi. А даследчыкі ў галіне адукацыйных методык выявілі, што праз тры дні пасля правядзення лекцыі слухачы могуць аднавіць 65% зместу прэзентацыі, калі яна праходзіла ў форме вуснага аповеду, падмацаванага візуальнымі вобразамі.

Для візуальнага знаёмства з тэмай або для яе паўтарэння выкарыстоўваю тэхніку скрайбінг, якая на першы погляд зусім нам не знаёма, аднак усе мы сустракаліся з гэтым паняццем яшчэ ў дзяцінстве, калі з дапамогай звычайных малюнкаў спрабавалі перадаць пэўную інфармацыю, настрой, эмоцыі, пачуцці.

Калі ж успомніць вучобу ў школе, то ў кожнага былі ўрокі, якія цягнуліся бясконца, і, каб палепшыць чаканне званка, мы малявалі на палях або апошніх старонках сшытка. Вядома, настаўніца казала “ай-яй-яй” ці пісала заўвагу ў дзённіку. Але з цягам часу свет тэксту ўсё больш і больш паглынаў наш візуальны пачатак, які ўласцівы кожнаму. У галаве пачаў складвацца стэрэатып, што мы, дарослыя людзі, павінны выказваць свае думкі з дапамогай мовы і канспекта.

Большасць дарослых упэўнена, што маляваць могуць толькі мастакі, але мыслім мы не тэкстам, а менавіта вобразамі. Калі мы думаем пра мора, то ўяўляем яго выяву, а не слова “мора”.

Скрайбінг — новая тэхніка прэзентацыі (ад англійскай scribe — “накідваць эскізы або малюнкі”), аўтарам якой з’яўляецца брытанскі мастак Эндру Парк. Гаворка выступоўцы суправаджаецца малюнкамі фламастарам на белай дошцы (або аркушы паперы). Атрымліваецца як бы эфект паралельнага руху, калі мы і чуем, і бачым прыкладна адно і тое ж, пры гэтым графічны рад фіксуецца на ключавых момантах аўдыярада.

Скрайбінг бывае:

— маляваны (ён ствараецца пры дапамозе скрайбаў (накідаў);

— аплікацыйны (пры дапамозе аплікацый ствараецца цэласная карціна);

— камп’ютарны (ствараецца з дапамогай спецыяльных праграм).

Для таго каб пабудаваць скрайбінг, неабходна:

1) прыдумаць ідэю (яна павінна быць зразумелай і чапляць аўдыторыю);

2) падрыхтаваць сцэнарый (загадзя прадумаць і запісаць, што будзе гаварыцца і якімі вобразамі будзе перадавацца сэнс);

3) намаляваць скрайбы (іх колькасць і хуткасць павінны супадаць з часам на агучванне);

4) зманціраваць відэаролік або правесці скрайбінг-сесію.

У выніку атрымліваецца гатовы малюнак, які можна выкарыстоўваць і для паўтарэння тэмы.

Пачынаючы з 6 класа можна падключыць да стварэння скрайб-гісторый вучняў. Напэўна, у класе ёсць вучань, які любіць маляваць смешныя тварыкі, карцінкі. Знайсці яго нескладана. Звярніцеся да яго па дапамогу. Ён зможа праявіць свой талент, суправадзіўшы ваш аповед па тэме малюнкамі на дошцы. Такі ўрок запомніцца ўсім.

Самае галоўнае — гэта тое, што скрайбінг цікавы і вядучаму, і слухачам. Вучоба ператвараецца ў гульню, урокі ажыўляюцца, а прэзентацыя адразу становіцца “смачнай”.

Для кантролю засваення вывучанага па тэме ствараю набор камп’ютарных тэстаў на аснове праграмы КРАБ-2 або сэрвісу Google-формы. У якасці прыкладаў часта выкарыстоўваю беларускія прыказкі і прымаўкі. Гэта дае магчымасць не толькі выявіць узровень ведаў вучняў, але і азнаёміць іх з культурнай спадчынай нашага народа.

На этапе праверкі ведаў дзеці працуюць самастойна (колькасць часу на выкананне вызначаецца настаўнікам пры падрыхтоўцы тэстаў). Аб’ём і характар заданняў дазваляе выявіць веды за 5—10 мінут. Падобную работу на дошцы або ў сшытку вучань здольны выканаць за 15—20 мінут. На адно заданне ёсць адзін або некалькі варыянтаў адказаў. Работа заканчваецца вывадам на экран статыстычнай інфармацыі пра колькасць памылак і выстаўленнем адзнакі. У выніку настаўнік бачыць рэальныя веды, а ў вучняў няма прэтэнзій за атрыманую адзнаку. Пасля выканання задання можна абмеркаваць і растлумачыць свае памылкі.

Тэсціраванне пры дапамозе КРАБ-2 выкарыстоўваю на ўроках. У якасці дадатковага дамашняга задання больш падыходзяць, на мой погляд, анлайн-тэсты. Для іх выканання дастаткова перайсці па спасылцы. Найбольш відавочныя плюсы такога кантролю ведаў наступныя:

— правядзенне тэста на любой адлегласці;

— практычна імгненны аналіз атрыманых вынікаў — як асабістых, так і ўсяго класа;

— захаванне вынікаў папярэдніх тэстаў.

Для навучэнцаў больш высокім узроўнем паспяховасці прапаную стварыць тэст самім. У выніку яны не толькі паказваюць свае веды, пісьменнасць, але і атрымліваюць творчае заданне, якое павышае цікавасць да прадмета, прымушае перачытаць, па-іншаму ўспрыняць тэарэтычны матэрыял, перапрацаваць яго, падабраць адпаведныя прыклады. У такім выпадку выключэнні з правіла ніяк не застануцца па-за ўвагай.

Для замацавання тэмы ў пазаўрочны час выкарыстоўваю інтэрактыўныя лінгвістычныя гульні на аснове праграмы Microsoft PowerPoint. Розныя формы правядзення (“Свая гульня”, “Марскі бой”, “Павуціна” і інш.) ствараюць дух саперніцтва, павышаюць інтэлектуальны ўзровень вучняў, а самае галоўнае — гуляючы, замацоўваецца вывучаны матэрыял. У якасці прыкладаў для заданняў выкарыстоўваю ўрыўкі з тэкстаў беларускіх пісьменнікаў, а таксама народныя прыказкі.

Сутнасць інтэрактыўнай гульні таксама ў тым, што практычна ўсе навучэнцы ўцягваюцца ў працэс пазнання: кожны ўносіць свой уклад, ідзе абмен ведамі, ідэямі, спосабамі дзейнасці. Прычым адбываецца гэта ў атмасферы добразычлівасці і ўзаемнай падтрымкі, што дазваляе не толькі атрымліваць новыя веды, але і развівае саму пазнавальную дзейнасць.

Такім чынам, ЭСН на адну тэму ­даюць настаўніку дадатковыя дыдактычныя магчымасці для засваення ведаў вучнямі і іх кантролю. Аднак інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі не замяняюць традыцыйныя падыходы да навучання, а значна павыша­юць іх эфектыўнасць. Галоўнае для педагога — знайсці адпаведнае месца ІКТ у вучэбным працэсе, ісці ад педагагічнай задачы да
інфармацыйных тэхналогій.

Іна МЯДЗВЕДСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.