×

Спартзала для цяжкаатлетаў

01.10.2019 11:37,

Сучасная спартыўная зала для заняткаў цяжкай атлетыкай адкрылася ў сярэдняй школе № 2 Клічава імя Ф.І.Кавалёва.

— Адкрыццё залы стала магчымым дзякуючы ініцыятыўнасці і неабыякавасці многіх зацікаўленых. Ідэйным натхняльнікам стварэння залы выступіў заслужаны трэнер Беларусі старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі цяжкаатлетычны саюз” М.М.Рабікоўскі. Фінансавую падтрымку аказалі Дзяржаўны мытны камітэт і Магілёўская рэгіянальная мытня. Асноўным выканаўцам задумкі выступіў аддзел па адукацыі, спорце і турызме Клічаўскага райвыканкама. Не засталіся ўбаку і работнікі нашай школы. Іх сіламі быў выкананы касметычны рамонт. Зараз у зале ёсць усё неабходнае абсталяванне для арганізацыі якасных трэніровак, — расказала дырэктар школы Т.В.Белабародава.

У новай зале ўжо арганізаваны што­дзённыя заняткі і трэніровачны працэс. Займацца цяжкай атлетыкай сюды рэгулярна прыходзяць каля 20 хлопцаў і дзяўчат. У іх ёсць не толькі гарачае жаданне спасцігаць асновы гэтага віду спорту, а і выдатны прыклад перад вачыма. Дзве выпускніцы школы дасягнулі значных спартыўных вышынь у цяжкай атлетыцы. Дзіна Сазанавец у свой час была прызёрам сусветных і еўрапейскіх першынстваў. Добрыя вынікі зараз дэманструе нядаўняя вучаніца школы Сюзана Валадзько. Дарэчы, прызёр Алімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра Дар’я Навумава — ураджэнка Клічаўскага раёна. Магчыма, сённяшнія юныя цяжкаатлеты таксама будучыя чэмпіёны. Стварэнне сучаснай залы для заняткаў, несумненна, паспрыяе іх спартыўным поспехам.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.