×

Справа ўсіх і кожнага

08.10.2019 14:15,

Стан навакольнага асяроддзя напрамую залежыць ад ладу жыцця грамадства, ад кожнага асобнага чалавека, таму сёння такім важным становіцца фарміраванне навыкаў энергазберажэння. Адпаведныя асновы паводзін неабходна закладваць з дзяцінства. І вядучая роля ў гэтым працэсе належыць сістэме адукацыі. Перад навучальнымі ўстановамі стаіць задача выхавання ў падрастаючага пакалення грамадзянскай пазіцыі і навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання рэсурсаў. У сувязі з гэтым ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны штогод актуалізуецца пытанне энергазберажэння. Гэтая тэма чарговы раз абмяркоўвалася на абласным семінары.


Дэманстрацыі вынікаў праектна-даследчай дзейнасці па энергазберажэнні вучняў Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3.

Метадычная сустрэча аб’яднала спецыялістаў рэгіянальных упраўленняў і аддзелаў па адукацыі, намеснікаў кіраўнікоў па выхаваўчай рабоце ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікоў Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, рэгіянальнага ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў. Сумесна ўдзельнікі семінара абмеркавалі многія надзённыя пытанні, падзяліліся станоўчым вопытам работы.

— Эфектыўнае спажыванне энергарэсурсаў з’яўляецца найважнейшым фактарам развіцця нацыянальнай эканомікі і павышэння якасці жыцця людзей. Аднак простае разуменне актуальнасці праблемы не паменшыць спажыванне энергіі. Неабходна мяняць нашы “энергаёмістыя” звычкі. І тут асабліва важная адпаведная работа ўстаноў адукацыі, бо дзіця, якое разумее патрэбу энергазберажэння, прымяняе навыкі эканоміі ў сваёй сям’і, і паступова гэта ўваходзіць у звычку. Наша агульная задача — сфарміраваць гэтую патрэбную звычку як мага раней, — падкрэсліла ў ходзе пасяджэння намеснік начальніка Магілёўскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў С.М.Заграбанец.

Магілёўскія школьнікі добра ведаюць, наколькі важная ў наш час эканомія энергарэсурсаў. Навучэнцы выразна ўсведамляюць: будучыня планеты напрамую залежыць ад іх, ад таго, наколькі эфектыўна яны расходуюць рэсурсы. Хлопцы і дзяўчаты разам са сваімі педагогамі не толькі самі выконваюць правілы энергазберажэння, прыдумляюць спосабы эканоміі, але і актыўна прапагандуюць свае ідэі ў грамадстве. Ва ўстановах адукацыі распрацоўваюцца адпаведныя сістэмы навучання, дзеці ствараюць спецыяльныя агітбрыгады, выступленні якіх спрыяюць распаўсюджванню важнай інфармацыі ў масы, вырабляюць разнастайныя канструкцыі, што зберагаюць энергію. Свае ідэі дзеці і настаўнікі актыўна дэманструюць праз удзел у конкурсах.

— Ва ўстановах адукацыі вобласці склалася і паспяхова дзейнічае сістэма работы па фарміраванні ў вучняў уяўленняў і ведаў пра энергазберажэнне, выхаванне адказных адносін да выкарыстання і эканоміі энергарэсурсаў. Нашы дзеці і педагогі не застаюцца абыякавымі да энергетычных праблем. Гэта пацвярджаюць шматлікія перамогі ў Рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон”. Усе праекты, удастоеныя ўзнагарод, сапраўды ўнікальныя. Асабліва можна адзначыць праекты “Экскурсія ў школу будучыні” сярэдняй школы № 8 Крычава, “Эканомная школа” сярэдняй школы № 19 Магілёва, “Наш кірунак — энергазберажэнне” Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, “Ідучы па зямлі з расплюшчанымі вачыма” Комсеніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Круглянскага раёна, — адзначыла начальнік цэнтра ідэалагічнай, выхаваўчай работы і педагагічных інавацый МДАІРА Н.Р.Афанасьева.

Педагогам, якія прысутнічалі на семінары, падрабязна расказалі пра асаблівасці і новаўвядзенні правядзення конкурсу “Энергамарафон” у бягучым годзе. Акрамя таго, ім быў прадстаўлены выніковы вопыт арганізацыі энергазберагальнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі. Так, у гімназіі Мсціслава адкрылі цэнтр інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы рацыянальнага энергарэсурсаспажывання навучэнцаў.

— Пачаткам нашай сістэмнай работы ў сферы энергарэсурсаспажывання стала перамога ў заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2015”. Акрамя дып­лома ІІІ ступені, мы атрымалі сертыфікат на 25 тысяч беларускіх рублёў. Грошы былі накіраваны на набыццё і ўстаноўку энергазберагальных і
дыёдных лямп. Пасля гімназія ў рам­ках партнёрскай сеткі ўстаноў адукацыі стала раённым цэнтрам рацыянальнага энергарэсурсаспажывання, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Г.А.Быкава.

У гімназіі пастаянна рэалізоўваюцца разнастайныя інтэрактыўныя праекты па захаванні энергіі Зямлі. Гэтая мэтанакіраваная дзейнасць дазволіла педагагічнаму калектыву стаць пераможцам заключ­на­га этапу Рэспубліканскага конкурсу “Энерга­ма­ра­­фон-2018” і атрымаць сертыфікат на 70 тысяч беларус­кіх рублёў. Зараз за гэтыя сродкі ў гімназіі праводзіц­ца замена вокнаў. На дасягнутых выніках ва ўстанове не спыняюцца. Сёння тут працуюць над ажыццяўленнем аўтар­скага экалагічнага праекта “ЭкаМы”, які дапаможа дзецям усвядоміць сваё становішча ў глабальнай экасістэме.

Вельмі цікавы вопыт паспяховай інтэграцыі ідэй энергазберажэння ў функцыянаванне ўстановы адукацыі распрацавалі ў сярэдняй школе № 8 Крычава. Сістэматычную работу па фарміраванні ў падрастаючага пакалення навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання рэсурсаў калектыў установы вядзе ўжо амаль 10 гадоў. Уся дзейнасць абапіраецца на дыдактычную шматмерную тэхналогію. Педагогі і навучэнцы школы ўцягнуты ў агульную справу — вучацца эканоміць самі і вучаць эканоміць іншых. Напрыклад, каб зрабіць засваенне асноў энергазберажэння цікавым і даступным для дзяцей, у школе прыдумалі свайго героя, сімвал тэхнічнага прагрэсу, новых тэхналогій і эканомных рашэнняў — ЭКА-VOKO. У дапамогу ЭКА-VOKO быў створаны энергапатруль “Дзённы дазор”, членамі якога з’яўляюцца навучэнцы.

У школе дзейнічае банк метадычных распрацовак энергазберагальнай і экалагічнай накіраванасці, які ўключае ў сябе звыш 100 распрацовак гутарак, урокаў, сцэнарыяў свят, тэатралізаваных паказаў, класных і інфармацыйных гадзін, анкет. Выхаванне культуры энергазберажэння мае абавязковы працяг у пазакласнай рабоце. Гэта розныя мерапрыемствы, падчас якіх фарміруецца новы светапогляд, іншае мысленне падрастаючага пакалення. Школа таксама мэтанакіравана займаецца распаўсюджваннем сярод насельніцтва інфармацыі аб эканоміі энергіі. Ва ўстанове створаны інфармацыйна-прапагандысцкі куток, вядзецца работа з жыхарамі мікрараёна, распрацоўваюцца мультымедыйныя рэкламныя прадукты. За пяць апошніх гадоў школьнай супольнасцю праведзены сотні мерапрыемстваў падобнага тыпу, распрацаваны дзясяткі памятак, плакатаў па энергазберажэнні, створана 12 тэматычных відэа­ролікаў.

Кульмінацыяй работы па энергазберажэнні з’яўляюцца перамогі навучальнай установы ў розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Самым выніковым стаў удзел у конкурсе “Энергамарафон-2017”. Прызавы дыплом ІІІ ступені і грашовы сертыфікат на суму 30 тысяч рублёў дазволілі ўстанавіць лямпы з датчыкамі руху, а таксама размясціць каля школы сонечныя батарэі, якія выпрацоўваюць энергію для асвятлення прылеглай тэрыторыі. Усё гэта істотна спрыяе эканоміі рэсурсаў ва ўстанове.

У Магілёўскім дзяржаўным абласным ліцэі № 3 плённа працуюць у напрамку арганізацыі праектна-даследчай дзейнасці па энергазберажэнні. Тут дзейнічае гурток тэхнічнай творчасці, дзе навучэнцы маюць магчымасць увасобіць у жыццё свае самыя смелыя ідэі. Штотыдзень па суботах у майстэрні збіраюцца ініцыятыўныя творчыя падлеткі, якія ўмеюць працаваць рукамі. Аб’яднанне па інтарэсах існуе ў ліцэі ўсяго чатыры гады, але за гэты час навучэнцамі распрацавана мноства цікавых праектаў, асобныя з якіх былі адзначаны пераможнымі дыпломамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Але самае важнае — гэта сапраўды дзейсныя прапановы, здольныя істотна эканоміць рэсурсы.

— Нашы вучні прыдумалі мадэль энергазберагальнага дома. Архітэктурныя асаблівасці будынка ўлічваюць найбольш эфектыўнае выкарыстанне сонечнай энергіі. Навучэнцы знайшлі магчымасць ператварэння механічнай энергіі ад рухаў чалавека ў электраэнергію. Яны распрацавалі даволі простую канструкцыю, якую ўкаранілі ў звычайную лесвіцу. Такім чынам што­дзённая хада па прыступках ператварылася ў выпрацоўку святла. Таксама навучэнцы зрабілі сваю разумную настольную лямпу, якая дапамагае эканоміць святло. Увагі заслугоўваюць усе распрацоўкі дзяцей, многія ідэі перс­пектыўныя, — расказаў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 С.В.Шыбека.

Семінар прайшоў у фармаце канструктыўнага дыялогу. Галоўная выснова, якую зрабілі ўдзельнікі пасля завяршэння мерапрыемства, — падрастаючае пакаленне неабыякавае да энергетычных праблем, а ўстановы адукацыі, педагогі маюць усе магчымасці для развіцця ў дзяцей навыкаў рацыянальнага энергаспажывання. Інакш нельга, бо ахова навакольнага асяроддзя — справа ўсіх і кожнага.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі.