×

Суботні дзень — займальна і весела

24.03.2020 11:19,

У суботні дзень у сярэдняй школе № 31 Магілёва заўсёды мнагалюдна. Навучэнцы з задавальненнем імкнуцца лішні раз адчыніць дзверы ўстановы, бо тут іх чакаюць розныя цікавасці і актыўнасці.

— Нароўні з іншымі аспектамі арганізацыі вучэбнага працэсу, значную ўвагу наш педагагічны калектыў удзяляе правядзенню шостага школьнага дня. Планы работы ўстановы па суботах будуюцца такім чынам, каб ахапіць карыснай занятасцю як мага большую колькасць дзяцей. Для дасягнення гэтай мэты мы імкнёмся ўлічваць інтарэсы і запыты навучэнцаў і іх бацькоў, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце К.С.Біліеўская.

Кожны суботні дзень у 31-й магілёўскай школе праходзіць насычана і цікава. Педагогі імкнуцца зрабіць выхаваўчыя мерапрыемствы максімальна разнастайнымі, сапраўды захапіць дзяцей.

— Мерапрыемствы ажыццяўляюцца па ўсіх напрамках адукацыйнай дзейнасці: спартыўна-масавым, фізкультурна-аздараўленчым, турыстычна-краязнаўчым, грамадзянска-патрыятычным, прафарыентацыйным, вучэбным. Кожны вучань можа выбраць сабе занятак па душы. У нас дзейнічаюць разнастайныя аб’яднанні па інтарэсах, дзе можна развіць творчыя здольнасці. Для аматараў фізічнай актыўнасці заўсёды адкрыта спартзала, праходзяць рэгулярныя спартыўныя спаборніцтвы. Для тых, хто хоча ўзмацніць веды па вучэбных прадметах, арганізаваны факультатыўныя і стымулюючыя заняткі. Разам з педагогамі дзеці часта адпраўляюцца на экскурсіі, у тым ліку і прафарыентацыйныя. Праводзяцца таксама мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё грамадзянскай актыўнасці вучняў. Асаблівы ўпор мы робім на працоўнае выхаванне. Па суботах арганізоўваюцца пастаянныя выхады працоўнага дэсанта, які выконвае розную работу на карысць школы. Не забываем мы і пра бацькоў вучняў. У шосты школьны дзень яны  нашы частыя госці. Мамы і таты прымаюць удзе­л у пасяджэннях школьнага бацькоўскага клуба “Сям’я”, могуць атрымаць кансультацыі ад настаўнікаў-прадметнікаў, сацыяльна-педагагічнай службы, — адзначыла К.С.Біліеўская.

Акрамя традыцыйнай для ўсіх агульнаадукацыйных устаноў сістэмы, у 31-й школе ёсць і свая адметнасць па правядзенні шостага дня. Тут рэгулярна праходзяць аўтарскія тэматычныя квест-гульні. Гэтая форма арганізацыі суботняга вольнага часу заўсёды збірае ў школе дзясяткі захопленых хлопцаў і дзяўчат.

— Ідэя правядзення квестаў паўстала з аналізу інтарэсаў вучняў. Тры гады назад мы заўважылі, што класічныя формы арганізацыі мерапрыемстваў ужо малапрывабныя для дзяцей. Сталі шукаць новыя формы цікавага правядзення вольнага часу і вырашылі спыніцца на квестах. Распрацавалі аўтарскія гульні на розную тэматыку — і зараз амаль кожную суботу пэўныя класныя паралелі спаборнічаюць у эрудыцыі і ўменні працаваць у камандзе, — паведаміла К.С.Біліеўская.

Паводле яе слоў, выкарыстанне гэтай інтэрактыўнай формы дазволіла змяніць актыўнасць педагогаў на актыўнасць навучэнцаў. Для хлопцаў і дзяўчат квесты — своеасаблівая забава, падчас якой кожны атрымлівае магчымасць праявіць сябе. Разгадваючы загадкі і галаваломкі, дзеці вучацца ўзаемадзейнічаць, быць камандай, слухаць і чуць адно аднаго.

За тры гады педагогі сярэдняй школы № 31 стварылі восем аўтарскіх квестаў. Кожная гульня мае сваю тэму, унікальную сюжэтную лінію і галоўную мэту. Так, квест “Па прамянях акцябрацкай зорачкі” папярэднічае ўрачыстасці па прыняцці другакласнікаў у акцябраты. Гульня “Піянерская краіна” дапамагае дзецям разабрацца ў каштоўнасцях рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Пошук тайнага пакоя накіраваны на фарміраванне ў дзяцей пазітыўнага стаўлення да жыцця і ўменняў правільна паводзіць сябе ў крызісных сітуацыях. Квест “Мая Радзіма — Беларусь” дапамагае навучэнцам набыць новыя веды пра родную краіну. Пасля праходжання любога квеста каманды-пераможцы заўсёды ўзнагароджваюцца. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць дыпломы і прызы.

— Падчас правядзення квестаў ствараецца атмасфера эмацыянальнага ўздыму, дзеці набываюць шмат новых карысных ведаў, а яшчэ ў іх развіваецца ўпэўненасць у сабе і сваіх таварышах. Гэтыя інтэрактыўныя гульні для навучэнцаў заўсёды як невялікая прыгода, — падкрэсліла К.С.Біліеўская.

Укараненне квест-гульняў дапамагло педагогам сярэдняй школы № 31 зрабіць суботы незвычайнымі, запамінальнымі, займальнымі і вясёлымі. У шосты дзень дзеці ідуць у школу з радасцю і задавальненнем, таму ў планах калектыву ўстановы рабіць суботні вольны час навучэнцаў яшчэ больш інтэрактыўна насычаным.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.