×

Сучасная гімназія: ад традыцый да перспектыў развіцця

30.04.2019 12:30,

Першы форум кіраўнікоў гімназій з міжнародным удзелам “Гімназічная адукацыя: гісторыя, сучаснасць, тэндэнцыі развіцця” прайшоў у Магілёве Мерапрыемства было прымеркавана да святкавання 230-годдзя з дня заснавання Магілёўскай гімназіі № 3 і аб’яднала ўдзельнікаў з Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, прыдняпроўскага рэгіёна, Мінска, а таксама Расійскай Федэрацыі. Да іх далучыліся члены савета Асацыяцыі кіраўнікоў Беларускага педагагічнага таварыства.

— Угэтым годзе мы вырашылі ўпершыню правесці форум кіраўнікоў гімназій і тым самым закласці на будучыню добрую форму супрацоўніцтва і абмену вопытам не толькі ў рэгіёне, але і ва ўсёй краіне, — адзначыў рэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Міхайлавіч Жудро. — Я рады, што пляцоўкай правядзення такой маштабнай падзеі стала Магілёўская гімназія № 3 — адна з найстарэйшых навучальных устаноў нашай краіны, якая з’яўляецца сёння адным з флагманаў развіцця тэорыі і практыкі педагагічнай думкі Магілёўшчыны.

Першапачаткова арганізатары мерапрыем­ства, прадстаўнікі Магілёўскага абласнога інстытута развіцця планавалі правесці для кіраўнікоў гімназій метадычны фестываль, аднак падчас падрыхтоўкі прапанаваны фармат быў пашыраны да форуму. Такая форма работы дазволіла кіраўнікам абмяняцца перадавымі напрацоўкамі, пазнаёміцца з эфектыўным вопытам кіравання і рэгіянальнымі асаблівасцямі работы асобных навучальных устаноў. Больш за тое, кіраўнікі мелі магчымасць правесці час у нефармальнай атмасферы на майстар-класах і ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да юбілею магілёўскай гімназіі № 3.

На пленарным пасяджэнні ўдзельнікі азнаёміліся з асноўнымі напрамкамі праграмы форуму: традыцыі і інавацыі ў сучаснай гімназічнай адукацыі, патрабаванні будучыні і індывідуальная траекторыя развіцця гімназістаў, магчымасці гімназічнай адукацыі ў рэалізацыі ідэй устойлівага развіцця, эфектыўны адукацыйны менеджмент у сістэме гімназічнай адукацыі.

Шматгадовым педагагічным вопытам па­дзялілася Таццяна Мікалаеўна Саўчанка, намеснік дырэктара па метадычнай рабоце сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 546 з паглыбленым вывучэннем прадметаў мастацка-эстэтычнага цыкла Краснасельскага раёна Санкт-Пецярбурга. На прыкладзе сваёй навучальнай установы яна расказала пра традыцыі і інавацыі мастацка-эстэтычнай адукацыі.

— З першага погляду наша школа звычайная, аднак змест усіх урокаў нестандартны: тут кожны дзень звязаны з мастацтвам, — адзначыла яна. — У школе прытрымліваюцца мастацтвазнаўчага напрамку ў адукацыі. Так, акрамя прывычных прадметаў, у раскладзе навучальнай установы ёсць такія ўрокі, як “Сусветная мастацкая культура”, “Музыка і выяўленчае ма­стацтва”, “Гісторыя рускай культуры”, “Асновы духоўна-маральнай культуры народаў Расіі”, “Выяўленчае мастацтва” і г.д. Работа ў выбраным кірунку пачынаецца з 1 класа: дзяцей вучаць глядзець шырэй, шанаваць мастацтва і яго разнастайнасць, развіваюць у іх эстэтычнае ўспрыманне.

У пазаўрочны час у школе рэалізоўваецца комплексная праграма мастацка-эстэтычнага развіцця навучэнцаў, у аснове якой — цыкл адукацыйных падзей па мастацтве. Дзеці займаюцца танцамі, выяўленчым мастацтвам, тэатральнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Акрамя таго, пачынаючы з 1995 года школа з’яўляецца эксперыментальнай пляцоўкай Рускага музея. Праграма гэтай установы культуры “Добры дзень, музей!” ахоплівае ўвесь цыкл навучання з 1 па 11 клас. На цяперашні момант яна рэалізуецца ў рамках пазаўрочнай работы.

— З чым мы сутыкнуліся ў сваёй дзейнасці? Школа праводзіла шматлікія мерапрыемствы, але ў выніку мы атрымлівалі нулявы водгук: дзеці сумавалі і адбывалі гэтыя мерапрыемствы як пакаранне, — адзначыла прадстаўніца расійскай сістэмы адукацыі. — Мы доўга шукалі выйсце, і навука нам дапамагла. Зараз мы выходзім у сваёй рабоце на адукацыйную падзею — мадэляванне асобасна значных для навучэнцаў сітуацый, асэнсаваную дзейнасць дзіцяці, якая ажыццяўляецца праз усведамленне адукацыйнай праблемы і пошук шляхоў яе вырашэння. Як вынік, школа атрымлівае прырашчэнне ведаў, вопыту, спосабаў дзейнасці кожнага з удзельнікаў гэтай падзеі. Дзеці больш актыўна ўдзельні­чаюць у школьных мерапрыемствах, самі прапа­нуюць ідэі іх правядзення, далучаюць да гэтай дзейнасці сваіх аднагодкаў, бацькоў і настаўнікаў. Яны мяняюцца самі і мяняюць свет вакол сябе.

Дырэктар Гімназіі Дзяржынска Мінскай вобласці Людміла Станіславаўна Паўхлеб расказала аб праграме развіцця сваёй навучальнай установы. Пра­г­рама называецца “Дом вокнамі ў свет устойлівага развіцця”. Згодна з ёй, галоўнымі прыярытэтамі навучання гімназіі з’яўляюцца кампетэнтнасць, інтэлект, сацыялізацыя. Педагогі і адміністрацыя імкнуцца стварыць такія  ўмовы для кожнага вучня, каб ён адчуваў сябе як дома.

Гімназія Дзяржынска паспяхова функцыянуе на працягу 27 гадоў. Сёння калектыў установы працуе ў інавацыйным рэжыме, фарміруючы ўласную арганізацыйна-педагагічную мадэль эфектыўнай гімназіі. Яна аб’ядноўвае некалькі складнікаў — высокапрафесійныя педагагічныя кадры, узаемадзеянне сям’і і ўстановы, творчае развіццё навучэнцаў. Высокая якасць адукацыі пацвярджаецца ўдзелам гімназістаў у алімпіядным руху, выступленнямі на творчых конкурсах і конкурсах работ даследчага характару, а таксама іх паспяховай сацыялізацыяй у далейшым асабістым і прафесійным жыцці. Дарэчы, ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступае больш за 96% выпускнікоў.

На базе ўстановы паспяхова функцыянуе міжшкольны педагагічны клас, дзе па суботах вучацца дзеці з усяго раёна. Для іх распрацаваны курс факультатываў увядзення ў прафесійную педагагічную дзейнасць. Пасля навучання ў гэтым класе на педагагічныя спецыяльнасці ва ўстановы вышэйшай адукацыі паступае пераважная большасць выпускнікоў. Так, па выніках 2017 года іх было 70%, 2018 года — 50%. 

У завяршэнні Міхаіл Міхайлавіч Жудро выказаў упэўненасць, што Першы форум кіраўнікоў гімназій павінен стаць пачаткам добрай традыцыі сустрэч актыўных і мэтанакіраваных кіраўнікоў і педагогаў. Ён уручыў прысутным сертыфікаты ўдзельнікаў і адзначыў, што па выніках мерапрыемства выйдзе метадычны дапаможнік для педагагічных работнікаў.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.