×

Сухія басейны — весела і карысна

14.12.2019 11:38,

Сухі басейн — гэта басейн, напоўнены рознакаляровымі шарыкамі, які добра падыходзіць для забавы і развіцця дзіцяці. У басейна ёсць шмат плюсоў. Ён служыць для трэніроўкі ўсіх груп мышц, для развіцця каардынацыі ў дзяцей, расслабляе або павышае рухальную і эмацыянальную актыўнасць. Апускаючыся ў сухі басейн, дзіця атрымлівае эфект мяккага масажу, глыбокую рэлаксацыю, што забяспечвае паляпшэнне ў арганізме абмену рэчываў і кровазвароту.

Такі басейн з’яўляецца любімым месцам адпачынку і гульняў выхаванцаў спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення нашай дашкольнай установы. Здаецца, што няма нічога незвычайнага ў каляровых шарыках, аднак дзеці, гуляючы, вывучаюць колер, уласцівасці і формы прадметаў. Педагогамі падабраны і распрацаваны спецыяльныя гульні і практыкаванні для развіцця рухальных здольнасцей выхаванцаў і ўмацавання іх арганізма. Самыя простыя гульні — гульні для развіцця сілы і маторыкі рукі. У басейне мы з дзецьмі выконваем практыкаванне “Прапалашчы бялізну”, робячы рухі рукамі направа-налева, рассоўваем шарыкі, “малюем” кругі, па чарзе кожнай рукой і дзвюма рукамі адначасова. Для развіцця ног выкарыстоўваем практыкаванне “Гадзіннічак”, калі дзіця, седзячы або лежачы на спіне ў цэнтры басейна, спачатку адводзіць адну нагу, вяртае яе на месца, а затым паўтарае гэты рух другой нагой. Часам практыкаванне ўскладняем, прапаноўваючы выконваць рух адначасова дзвюма нагамі.

Нашым выхаванцам вельмі падабаецца гульня “Анёл”, калі дзіця ляжыць на спіне і адначасова разводзіць і зводзіць ногі і рукі. Для развіцця мышцаў усяго цела выкарыстоўваем стандартныя плавальныя практыкаванні: “паплаваць” кролем, брасам, на спіне. Лежачы ля борціка басейна на спіне, прапануем куляцца і паступова рухацца да процілеглага борціка. Для развіцця спрытнасці рук і колераўспрымання праводзім гульню-спаборніцтва “Хто больш?”. Сутнасць гульні ў тым, каб адначасова ўтры­маць у руках як мага больш шарыкаў. Для ўскладнення задання прапануем дзецям набіраць шарыкі толькі пэўнага колеру. У заданні “Дастаць з дна” дзецям неабходна знайсці, вылавіць схаваныя на дне басейна цацкі, што спрыяе развіццю тактыльных адчуванняў.

Як паказала практыка, гульні і заняткі ў сухім басейне дапама­гаюць задаволіць натуральную патрэбу выхаванца ў рухах, стымулююць яго пошукавую і творчую актыўнасць, дазваляюць чаргаваць практыкаванні з адпачынкам, а таксама дасягаць якаснай рэлаксацыі, што вельмі важна для дзіцяці.

Акрамя аздараўленчага і прафілактычнага ўздзеяння на арганізм дзіцяці, сухі басейн з’яўляецца любімым месцам для гульняў. Яны адчуваюць незвычайнае задавальненне і радасць, апускаючыся ў бяспечныя “хвалі” басейна і гарэзліва гуляючы сярод мноства яркіх рознакаляровых шарыкаў. Захопленыя гульнёй дзеці расслабляюцца, становяцца больш спакойнымі, упэўненымі, добра ідуць на кантакт.

Галіна ПЕХЦЕРАВА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 7 Круглага.