×

Сустрэлі Масленіцу

15.03.2019 12:04,

Сёння паўсюдна ўзрастае цікавасць да народнай творчасці. Яно і зразумела: шукаюць вытокі нашых характараў, узаемаадносін. Наш народ багаты гульнявымі і спеўнымі традыцыямі. Даўней на вясковых ваколіцах можна было пачуць дзявочыя спевы, а карагоды спакон веку былі ўлюбёнай забаўкай моладзі як у вёсцы, так і ў горадзе. І ў нашых сілах зрабіць так, каб навучэнцы атрымлівалі не толькі тэарэтычную інфармацыю пра гэтыя традыцыі продкаў, але і самі маглі стаць непасрэднымі носьбітамі спадчыны. Менавіта праз фальклорныя святы, дзе ўсе ўдзельнікі з’яўляюцца і гаспадарамі, і гасцямі, спасцігаецца ўменне вадзіць карагоды, спяваць народныя песні і прыпеўкі, гуляць у народныя гульні, загадваць і адгадваць загадкі, а таксама танчыць у народнай скоках пад гармонік.

Масленіца — адно з самых любімых святаў беларускага народа, якое адлюстроўвае ўсеагульную радасць у сувязі з набліжэннем доўгачаканай вясны, росквітам прыроды і чалавека.

На базе гімназіі Мсціслава прайшло раённае дзіцячае фальклорна-гульнявое свята “Шырокая Масленіца”, ініцыятарамі і арганізатарамі якога выступілі аддзел па адукацыі Мсціслаўскага райвыканкама, цэнтр дзіцячай творчасці Мсціслава, установы адукацыі раёна.

З самай раніцы спартыўны стадыён гімназіі Мсціслава напоўніўся дзіцячымі галасамі, музыкай, жартамі, прымаўкамі. Працавалі сцэнічныя, гульнявыя, спартыўныя пляцоўкі, масленічныя крамы.

Тэатралізаваныя паказы, падрыхтаваныя ўстановамі адукацыі, ярка і маляўніча раскрылі характар кожнага дня масленічнага тыдня. Дзеці з задавальненнем спаборнічалі, каталіся на снегаходзе, частаваліся гарачымі блінамі і выпечкай, якую ў шырокім асартыменце прывезлі на свята навучэнцы і педагогі ўстаноў адукацыі.

Зазывалы запрашалі ўдзельнікаў свята прыняць удзел у арганізаваных для іх забавах, шырока рэкламавалася і прадавалася сувенірная прадукцыя, вырабленая рукамі саміх навучэнцаў.

Вясёлае свята скончылася спальваннем пудзіла Масленіцы і традыцыйнымі карагодамі каля вогнішча. Усе ўдзельнікі і госці атрымалі велізарны зарад бадзёрасці, пазітыву і безліч прыемных станоўчыя эмоцый.

Тамара МІНЧАНКОВА,
культарганізатар цэнтра дзіцячай творчасці Мсціслава.