×

Свята для дзяцей і бацькоў

23.11.2019 14:36,

Вясёлыя ўсмешкі дзяцей, радасныя твары бацькоў. Урачыстае адкрыццё пасля грунтоўных рамонтных работ ясляў-сада № 5 Крычава стала сапраўдным святам.

Будынак, у якім размясціўся яслі-сад № 5, першапачаткова ўзво­дзіўся як дашкольная ўстанова. Аднак да нядаўняга часу тут быў пачатковы блок сярэдняй школы № 3 горада. У сувязі са значнай патрэбай дашкольную ўстанову вырашана было аднавіць. Рамонтныя работы доўжыліся тры месяцы.

— На касметычны рамонт былі накіраваны немалыя грашовыя сродкі з бюджэту, прыцягнута спонсарская фінансавая дапамога. У выніку былі цалкам адрамантаваны памяшканні, устаноўлена новая пажарная сігналізацыя. Зараз садок ужо наведваюць 67 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усяго тут будуць функцыянаваць восем рознаўзроставых груп, — расказаў начальнік аддзела па адукацыі Крычаўскага райвыканкама М.І.Сімакоў.

Павіншаваць дзетак, бацькоў і педагогаў са знамянальнай падзеяй прыйшло шмат ганаровых гасцей. Прадстаўнікі раённай улады ўручылі загадчыцы дашкольнай установы В.П.Шавялёвай падарункі.

Дзеці падрыхтавалі для прысутных святочнае выступленне. Малышы спявалі, танцавалі, чыталі вершы. Было бачна, што новыя насельнікі дзіцячага сада ўжо адчуваюць сябе тут як дома.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай дашкольнай адукацыі.