×

Святыня Магілёўшчыны

13.05.2019 16:25,

Баркалабаўскі жаночы манастыр найвялікшая святыня Магілёўшчыны, размешчаная на тэрыторыі Быхаўскага раёна. У савецкія часы манастыр быў цалкам разбураны. Манахіні ўспамінаюць, што на месцы манастыра па пояс вырасла крапіва, а мясцовыя дзеці гулялі ў футбол на манастырскіх могілках. У такіх умовах пачыналася аднаўленне страчанай святыні.

Кожны праваслаўны вернік імкнецца здзейсніць паломніцкія паездкі. Не стала выключэннем і група навучэнцаў Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна. Мэтай паездкі было наведванне Баркалабаўскага Праабражэнскага манастыра і пакланенне мясцовашанаваму цудадзейнаму абразу Багародзіцы. Надвор’е выдалася добрае, і можна было шмат часу правесці на вуліцы. Новы храм, сучасны манаскі корпус з келлямі, набярэжная — усё гэта было створана з нуля.

Адна з паслушніц правяла экскурсію. Яна распавяла пра цуды, якія адбываюцца дзякуючы іконе. У доказ дзеці ўбачылі сотні залатых крыжыкаў і кольцаў, якія людзі прынеслі ў дар святыні. У гады спусташэння праваслаўных храмаў абраз ратавалі манашкі, яны замуравалі святыню ў сцяну. А калі паўстала пытанне пра ўзнаўленне манастыра, два хросныя хады ішлі насустрач: адзін — з Магілёва, другі — з Быхава, з цудатворным абразом.

Падкупальную частку храма распісваў выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэта была яго дыпломная работа. А потым мастак распісаў усе астатнія сцены. На развітанне вучні набылі іконы Баркалабаўскай іконы Божай маці.

Сяргей ЛУКАШЭНКА,
настаўнік Верамейскай сярэдняй школы Чэрыкаўскага раёна.