×

Сёння ў нашай хаце свята! Калі ласка, у нашу хату!

30.09.2019 11:24,

Сапраўднае свята мікразоны Лупалава сабрала 28 верасня на стадыёне сярэдняй школы № 6 Магiлёва жыхароў, настаўнікаў і вучняў, шматлікіх гасцей, спевакоў і спартсменаў. Свята-кірмаш распачалося выступленнем выканаўцаў Цэнтра творчасці “Эверэст” Магiлёва, выставай вырабаў вучняў школы i жыхароў мікразоны “Асенняя фантазія”, парадам кандытарскіх самаробных шэдэўраў “Багата хата”, фотакалажам “Утульны двор”.

Кірмаш-продаж, наладжаны вучнямі і педагогамі, быў надзіва шчодры і разнастайны: агародніна, печыва, самаробныя сувеніры і цацкі. На працягу ўсяго мерапрыемства прысутнічалі службы МНС і УС, прадстаўнікі якіх дазволілі ўсім жадаючым пабыць у кабіне пажарнай машыны, прымераць шлем пажарнага і ахоўніка парадку, пазнаёміцца з сапраўдным кінолагам і яго выхаванцамі.

А якое ж свята без гасцей? З добрымі словамі, віншаваннямі, гасцінцамі і падарункамі на свята завіталі В.У.Петрашова, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, М.М.Гурын, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў, Г.М.Бяляева, дэпутат Магiлёўскага гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склiкання.

Паважаныя госцi падвялi вынікi конкурсаў “Найлепшае падвор’е”, “Багата хата” i “Мiнi-дажынкi“.

Не абмінулі ўвагай арганізатары свята і найстарэйшых жыхароў мікразоны. Напярэдадні Дня пажылога чалавека іх павіншавалі і ўручылі падарункі. Святочная і пазітыўная атмасфера не пакідала двор школы ўвесь гэты восеньскі суботні дзень.

Родны двор, вуліца, школа — пачатак і аснова чалавечага жыццёвага шляху, тое святое і адзінае, што завецца малой радзімай. Квітней жа і багацей, жыві пад мірным і сонечным небам, слаўная наша Магілёўшчына!


Алена САСНОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Магiлёва.